Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

“Брэкзіт” падштурхнуў перазапуск агульнаеўрапейскага праекту. Але Беларусь ад гэтага наўрад ці атрымае вялікія выгоды. Хутчэй, наадварот.
18:21 11 кастрычнiка 2017
150
Памер шрыфта
Фота з сайта waronwant.org

Мінулыя гады былі для Еўрасаюзу нялёгкімі: крызісы ў эканоміцы і бяспецы, рашэнне Вялікабрытаніі пакінуць супольнасць, масавы наплыў мігрантаў і, як вынік, значнае падвышэнне ўзроўню еўраскептыцызму.

Праўда, апошнім часам ёсць і пэўныя дасягненні. Так, эканоміка ў зоне еўра ў 2017 году расце самымі высокімі тэмпамі за дзесяцігоддзе. Створана восем мільёнаў працоўных месцаў, і цяпер занятасць у Еўропе знаходзіцца на рэкордным узроўні. Падпісаныя альбо рыхтуюцца дамовы аб вольным гандлі з іншымі вядучымі эканомікамі свету: Канадай, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Японіяй.

Тым не менш, інтэграцыйны працэс відавочна запаволіўся. Таму цалкам зразумелыя спробы асобных еўрапейскіх лідэраў яго нейкім чынам аднавіць. Менавіта гэтай тэме былі прысвечаны нядаўнія выступленні старшыні Еўрапейскай Камісіі Жан-Клода Юнкера і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона.

Да таго ж, у сувязі са згаданым рашэннем Брытаніі, Еўрасаюз атрымаў шанец прадэманстраваць сваю гатоўнасць да большага згуртавання. Справа ў тым, што па шматлікіх накірунках (у прыватнасці, па пытаннях агульнай знешняй і абароннай палітыкі) Лондан пастаянна стрымліваў паглыбленне інтэграцыі.

У некоторых пунктах ініцыятывы Юнкера і Макрона практычна супадаюць. У прыватнасці, абодва паказалі сябе прыхільнікамі згаданага вывядзення еўрапейскай абароны і бяспекі на наднацыянальны узровень шляхам стварэння агульнага абароннага бюджэту і сумесных узброеных сіл.

Аднак разыходжанні выглядаюць больш істотнымі. Юнкер заклікае пашырыць Шэнгенскую зону за кошт уключэння ў яе Балгарыі і Румыніі. Таксама ён лічыць, што еўра быў створаны, каб стаць валютай усяго саюзу, і таму мусіць быць уведзены на ўсёй яго тэрыторыі. У сувязі з гэтым ЕС павінен імкнуцца да стварэння паўнавартаснага банкаўскага саюзу, дзе правілы і нагляд мусяць быць узгоднены ва ўсіх дзяржавах-чальцах. Нарэшце, прапануецца аб’яднаць пасады старшыні Еўрапейскай Рады і галавы Еўракамісіі.

Інакш кажучы, мэта Юнкера – больш цесны саюз, што павінна прывесці яго да большай аднастайнасці. Наадварот, Макрон выступае за “шматхуткаснасць”.

Напрыклад, Польшча не жадае прымаць еўра – не трэба, але яе рашэнне не можа перашкаджаць іншым краінам еўразоны рухацца наперад. У той жа час у краін з ніжэйшым узроўнем інтэграцыі павінна заставацца магчымасць раней ці пазней далучыцца да больш глыбока інтэграванага «ядра» ЕС.

На думку экспертаў, ідэі Макрона забяспечваюць большую гнуткасць  і таму маюць больш шанцаў на прыняцце. На нефармальным саміце ў Таліне напрыканцы верасня кіраўніку Еўрарады Дональду Туску было даручана сфармуляваць прапановы па далейшых дзеяннях, каб на чарговай сустрэчы ў вярхах у кастрычніку пачаць іх абмеркаванне.

Які будзе вынік, прадказаць зараз наўрад ці магчыма. Тым больш, што ў еўрапейскіх грамадствах у значнай ступені захоўваюцца скептычныя настроі. Выбарнікі ў краінах з моцнымі эканомікамі стаміліся несці адказнасць за сваіх меней заможных партнёраў.

Але, як бы там ні было, нейкія перамены падаюцца непазбежнымі. Таму паўстае пытанне, як гэта адаб’ецца на беларуска-еўрапейскіх стасунках.

Калі падзеі ў аб’яднанай Еўропе будуць развівацца больш-менш у адпаведнасці з прапанаванымі падыходамі, няхай дастаткова павольна, можна разлічваць, што з цягам часу Еўрапейскі саюз стане больш моцным як у палітычным, так і ў эканамічным плане. Тады, не выключана, ён пачне надаваць больш увагі ўзаемадзеянню са сваім непасрэдным асяроддзем, у тым ліку і з нашай краінай.

Аднак, каб аказацца адэкватным такім абставінам і захаваць магчымасць хоць калі-небудзь далучыцца да гэтай супольнасці, афіцыйнаму Мінску неабходна кардынальна змяніць сваё сённяшняе мысленне. На жаль, такіх намераў у беларускага кіраўніцтва ўвогуле не назіраецца. Тым самым разрыў ва ўсіх сферах будзе толькі расці, і мара тых грамадзян Беларусі, якія хацелі б жыць адначасова ў сваёй дзяржаве і ў цывілізаваным свеце, стане яшчэ больш прывіднай.

Даведка:

«Брэкзіт» — утворана ад Br+exit — Брытанія і выхад: рашэнне Вялікабрытаніі выйсці з ЕС. Штомесяц з чэрвеня 2017 года праходзяць перамовы па “Брэксіту”; у бягучым, пятым раўндзе перамоваў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заклікала паскорыць працэс. У верасні 2017 года ў Фларэнцыі Тэрэза Мэй прадставіла план двухгадовага пераходнага перыяду выхаду Брытаніі з ЕС, які павінен завяршыцца 29 сакавіка 2019 года. Цікава, што падчас рэферэндуму Тэрэза Мэй была супраць выхаду, але, раз народ вырашыў, значыць – трэба. Узніклі тэрміны “жорсткі Брэксіт” і “мяккі Брэксіт”; асноўныя праблемныя пытанні – як Вялікабрытанія будзе кантраляваць міграцыю і ці застанецца часткай адзінага еўрапейскага рынку.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

17 кастрычнiка 2017

Прейскурант ненормальности

В День матери прозвучало много хороших слов о материнстве и детстве. Но что такое слова, пусть даже самые раскрасивые? Ничто! Они не могут скрыть то негативное, что происходит в нашей жизни.
17 кастрычнiка 2017

Побочный эффект разгосударствления

Что происходит с госсобственностью
13 кастрычнiка 2017

Дзеля чаго падтрымліваецца «дзедаўшчына»

Трагічная гісторыя сьмерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам выклікае шэраг важных пытаньняў.