Што за стужка?

«Іней» (літ. Šerkšnas) – стужка сумеснай вытворчасці Літвы, Польшчы, Украіны і Францыі. Гэта першая міжнародная кінастужка, якая распавядае пра падзеі ў Данбасе. Бюджэт – 1,4 мільёна даляраў.

Хто такі Шарунас Бартас?

Шарунас Бартас – вядомы літоўскі рэжысёр, стваральнік першай літоўскай незалежнай кінастудыі «Studija Kinema». Вядомы сваім арт-хаўзам з глыбокім філасофскім зместам. Уладальнік мноства міжнародных узнагарод і прэмій.

Пра што стужка?

Малады літовец Рокас і яго дзяўчына Інга павезлі мікрааўтобус з гуманітарнай дапамогай для украінскай. Літоўская пара слаба ўяўляе, што адбываецца ў зоне АТА, але гэта ў хуткім часе выправіцца, бо іх пункт прызначэння – сяло Карлаўка, што амаль у самай гушчы ваенных падзей. Дарэчы, яшчэ адна асаблівасць – Інга ўвогуле нічога не ведае і не разумее па-руску. Некаторыя моманты атрымалася адзняць у 200-300 метрах ад фронта, а адзін раз здымачная група нават патрапіла аб абстрэл. Таму гэтую драму можна спакойна назваць напалову дакументальнай.

Рэакцыя

На апошнім Канскім кінафестывалі фільм прадставілі ў секцыі “Двухтыднёвік рэжысёраў”. «Іней» там быў сустрэты авацыямі і крыкамі «брава» ад гледачоў.

У Францыі «Іней» быў сустрэты з вялікім энтузіязмам, што не дзіўна. Бо па-першае, у фільме здымаецца вядомая французская актрыса, былая жонка Джоні Дэпа – Ванэса Парадзі. А па-другое – Шарунас Бартас вельмі паважаецца французскім кінематографам.

Заходняя крытыка ацаніла “Іней” неадназначна, не ўбачыўшы там заварожваючых кадраў, якімі славіцца Бартас. Бадай, каштоўнасць гэтай карціны для еўрапейскага гледача заключаецца менавіта ў дакументалістыцы і блізкасці часава і тэрытарыяльна.

Знайсці нейкую інфармацыю пра гэты фільм ў рунэце досыць цяжка. Некалькі сухіх навінаў ды пару артыкулаў прарасійскіх ідэалагічных рэсурсаў, у якіх пішуцца далёка не добрыя словы ў бок фільма і яго ўдзельнікаў.

Фільм па сутнасці ўнікальны, бо гэта першая інтэрнацыянальная кінастужка пра Данбас, які заграз у працяглым і бессэнсоўным ваенным канфлікце. Ці можна гаварыць з сучасным гледачом пра актуальныя праблемы мовай кінематографа? Як бачаць вайну сучаснікі, наколькі атрымоўваецца ставіць пытанне выбару, матываў за ўчынкамі і спалучыць свет ваенны і свет штодзённы? Ці стаялі такія задачы ў прынцыпе?

Ва ўкраінскім пракаце  фільм “Іней” чакаецца з 26 кастрычніка. Зрэшты, Украіна – блізка, таму беларуская аўдыторыя можа лёгка далучыцца да прагляду.