У прыватнасці, Уладзімір Пярцоў, дырэктар прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі, зазначыў, што “ў нашай краіне адно з самых ліберальных заканадаўстваў, якое практычна не рэгулюе інтэрнэт-сферу масавай камунікацыі”, між тым як “суседзі ўжо зрабілі болей жорсткім, змянілі сваё заканадаўства”. А нядаўна прызначаны міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч заявіў, што новая рэдакцыя закона аб СМІ мусіць закрануць найперш “выступленні ў сацсетках, інтэрнэце”.

Адразу ж падкрэслю: тое, што нібыта інтэрнэт у нас фактычна па-за законам, – няпраўда. На гэту сферу цалкам распаўсюджваецца звычайнае, “афлайнавае” заканадаўства. І ўжо нямала прыкладаў, калі кагосьці судзілі, напрыклад, за паклёп у сеціве. Няма розніцы, дзе выступіў паклёпнік, – у друкаваным выданні, на сайце або проста плявузгаў языком. Закон дастане ў кожным разе.

Яшчэ болей за часамі папярэдняга міністра інфармацыі Ліліі Ананіч закон аб СМІ ўжо затачылі адмыслова супраць анлайнавых рэсурсаў. Па-першае, іх прыраўнавалі да звычайных СМІ; па-другое, Мінінфарм атрымаў права блакіраваць сайты нават без рашэння суда. Іначай кажучы, гэта значна прасцей, чым закрыць газету. Так што беларускі закон у гэтым плане і так суровы, недэмакратычны, бо ў рэдакцыі вэб-СМІ няма нават механізму, каб абскардзіць такое рашэнне.

Калі ж пачынаюцца размовы, што сеціва варта дадаткова зарэгуляваць, то гэта азначае адно: свярбяць рукі яшчэ мацней прыціснуць свабоду выказвання. Асабліва напружваюць уладу сацыяльныя сеткі. Яны асацыіруюцца ў чыноўнікаў з арганізацыяй каляровых рэвалюцый, майданаў. Нездарма ж так “вінцілі” блогераў, што рабілі стрымы падчас веснавых акцый пратэсту. Але ваяваць з сацыяльнымі сеткамі – глухі нумар. У іх сядзяць мільёны беларусаў. Кожнаму рот не заткнеш.

Так, у сеціве стае і бруду, хтосьці злоўжывае ягонай вольніцай. Аднак у вырашэнні гэтай праблемы нельга перагінаць кій.

Можна, вядома, пераймаць “перадавы досвед” Расіі, Казахстана ды іншых аўтарытарных рэжымаў у сферы змагання з сецівам. Але, па-першае, гэта толькі азмрочыць імідж беларускіх улад, якія і так у хвасце розных рэйтынгаў свабоды слова, затое лідары ў спісах ворагаў інтэрнэту. Па-другое ж, эфект акажацца вельмі абмежаваным. Пры блакіраванні сайтаў, сацыяльных сетак карыстальнікі даволі лёгка знаходзяць абыходныя шляхі.

Асобна насцярожвае тое, што, наколькі можна меркаваць па выказваннях у “Клубе рэдактараў”, нейкія змены ў закон аб СМІ рыхтуюцца без удзелу грамадскасці. Так было, між іншым, і мінулым разам, пры канцы 2014 года, калі драконаўскія палажэнні пра інтэрнэт-медыі працягнулі ў закон ціхай сапай (хоць папярэдне абяцалі, што абмяркуюць з Беларускай асацыяцыяй журналістаў).

Цяпер жа мы бачым, што пры новым міністры (прызначэнне якога хто-ніхто палічыў знакам адлігі) могуць цішком дакруціць тое, што не дакруцілі пры Ананіч. Праўда, спадар Карлюкевіч зрабіў агаворку, што “важна, каб закон не выконваў функцыі цэнзара і не абмяжоўваў грамадства і яго права на свободу выказвання”.

Але ж у нас закон аб СМІ і так драконаўскі. І сам Мінінфарм дэ-факта мае функцыі цэрбера. Калі ўжо на тое, дык у дэмакратычнай краіне такога ведамства ўвогуле не мусіць быць (і шмат дзе без яго выдатна абыходзяцца). У нас жа яно, напрыклад, надзелена кампетэнцыяй блакіраваць інфармацыю, распаўсюд якой “здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Прычым наяўнасць шкоды вызначае чыноўнік. І пры жаданні такое кляймо можна паставіць на любое крытычнае выступленне прэсы. Што гэта, калі не замаскіраваная цэнзура?

Таму скажу так: закон аб СМІ ў нас, вядома, кепскі, але ж лепей бы яго ўжо больш не чапалі. Бо, як жартуюць у сацсетках, што ні робіць беларускі Мінінфарм, атрымліваецца аўтамат Калашнікава.

На добры лад новаму міністру, калі ён сапраўды заклапочаны свабодай слова, варта было б запрасіць за “круглы стол” незалежных журналістаў, рэдактараў, прадстаўнікоў БАЖ. У гэтай арганізацыі, дарэчы, даўно напрацаваны пакет прапаноў што да лібералізацыі заканадаўства аб СМІ, ды толькі гэты пакет ужо каторы год адфутбольваюць.

Тачыць жа вайну супраць сеціва – і ганебны занятак, і бесперспектыўны. Як пісаў беларускі класік, “каб сонца засланіць, вушэй асліных мала”. Не будзьце цемрашаламі, панове!