Прыказка тая міжволі згадваецца, калі ўсплываюць у памяці школьныя гады, урокі па ўлюбёнай беларускай літаратуры. Столькі гадоў прайшло, а і сёння не забываюцца і непаседліва-цікаўны Данік Малец з “Сірочага хлеба” Янкі Брыля, і сквапна-бесцырымонная Сцёпчыха з “Пяці лыжак заціркі” Змітрака Бядулі, і наіўна-даверлівая Ганна Чарнушка з “Людзей на балоце” Івана Мележа. Не шкадавала тагачасная школьная праграма гадзін і на выдатную паэзію – да гэтай пары ў памяці і “Паміж пяскоў егіпецкай зямлі” Максіма Багдановіча, і “Сінія касачы” Пімена Панчанкі, і “Курган” Янкі Купалы.

За заданне вывучыць на памяць названую паэму я і сёння ўдзячны настаўніцы Ірыне Антонаўне Венскай (дай Божа ёй здароўя і доўгіх гадоў жыцця!). “Курган” – адна з вяршыняў купалаўскай паэзіі, якая ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Тым больш яна актуальная ў сённяшняй Беларусі, дзе адносіны ўлады да гусляроў-пісьменнікаў ніяк нельга назваць нармальнымі. Прыгадайма словы пыхлівага князя: “Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям – / поўны гуслі насыплю дукатаў”. І адказ гусляра: “Скурганіў бы душу чырванцом тваім я, / гуслям, княжа, не пішуць законаў”; “cілен, княжа, караць, галаву сілен зняць – / не скуеш толькі дум ланцугамі”.

Дзіцячая памяць учэпістая і пакоўная, як вандроўны чамадан на калёсіках. Калі ў яе засекі нешта цікавае трапляе, то застаецца на ўсё жыццё, і не раз у жыцці спатрэбіцца.

Зразумела, школьныя праграмы з той незабыўнай для мяне пары неаднойчы змяняліся, удакладняліся, дапаўняліся. А найчасцей – караціліся, паколькі на беларускую мову і літаратуру там адводзілася ўсё менш і менш гадзін.

Вось і сёлета Міністэрства адукацыі вырашыла падкараціць і без таго ўжо кароткія, як зайцаў хвост, праграмы па беларускай літаратуры. З іх прыбралі апавяданні “У дубах” Якуба Коласа і “Роднае карэнне” Максіма Гарэцкага, драматычны абразок “Датрымаў характар” Алеся Гаруна, верш “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага. На ўроках беларускай літаратуры школьнікі больш не будуць знаёміцца з Бібліяй, бо, ці бачыце, яе вывучаюць на ўроках літаратуры рускай. Гэта тлумачэнне яшчэ можна было б прыняць, калі б не існавала перакладаў Бібліі на сучасную беларускую мову. А іх жа ажно тры – Янкі Станкевіча, Васіля Сёмухі і Уладзіслава Чарняўскага. Дык навошта беларускім школьнікам Біблія па-руску?

Знікнуць са школьных падручнікаў асобныя творы Кірылы Тураўскага, Янкі Лучыны, Цёткі, Янкі Купалы. У апошняга адшчыкнулі хіба найбольш – вершы “Як у казцы”, “У вырай”, “Паязджане”, “На сход” (памятаеце – “На сход, на ўсенародны грозны сход, / ідзі, разгневаны, аграблены народ!”; няйнакш чыноўнікі ад адукацыі ўспрынялі гэтыя радкі як заклік выходзіць на плошчу).

Не будуць старшакласнікі вывучаць і вершаваны раман “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча. А там жа столькі тэм узнята – і патрыятызм, і сям’я, і знаходліва высмеяная паэтам трасянка, на якой размаўляе сынок-манкурт. Хіба гэта ўсё не надзённа для нашага грамадства?

Дарэшты выкінута са школы і публіцыстыка Кастуся Каліноўскага. Гэта значыць, што дзевяцікласнікі ўжо нават і ўяўлення не мецьмуць ні пра “Лісты з-пад шыбеніцы”, ні пра “Мужыцкую праўду”. А там, гавару гэта з поўнай адказнасцю, сцісла і даходліва выкладзена нацыянальная праграма для беларусаў – як нам жыць, чым кіравацца, з кім дружыць, каго асцерагацца.

Проста дзіву даешся, як малады (24-гадовы!) Каліноўскі, для паважнасці ўзяўшы сабе псеўданім Яська – гаспадар з-пад Вільні, так трапна і празорліва вызначыў, што павінны былі зрабіць беларусы яшчэ ў XIX стагоддзі, не зрабілі ў XX і не спяшаюцца рабіць у XXI стагоддзі. Каліноўскі ўсё распісаў, склаў для сваіх суайчыннікаў своеасаблівы кодэкс будаўніка Беларускай дзяржавы.

Вось у 1-м нумары “Мужыцкай праўды” гучыць яго палымяны заклік да салідарнасці: “Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмася разам!” Галоўная тэма 2-га нумару – грамадзянскае непадпарадкаванне: “Калі хочаце бараніць сваю зямлю, то не служэце паншчыны і не плацеце падаткі ў казну – от і будзе справядлівасць”. У 3-м нумары абгрунтоўваецца каштоўнасць свабоды і несакрушальная вера ў свой народ, кіраваны Божым провідам: “Нам вольнасці трэба, але такой, якую мы самі паміж сабой зробім. Толькі, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваць трудна, бо Боская моц вялікая, а народу многа”. У 4-м нумары адразу кідаецца ў вочы крылаты выраз, з якога павінны пачынацца ўсе беларускія падручнікі па паліталогіі: “Не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа – гэтак, дзецюкі, ёсць на цалюсенькім свеце”. Тамсама знаходзім словы пра зрусіфікаваную школу: “У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаць па-маскоўску, каб цябе зусім спраўна перарабіць на маскаля”.

Мы безліч разоў чулі, як доблеснае беларускае войска збіраецца касцьмі легчы, а не прапусціць натаўскія танкі на Расію. Вось жа і пра гэта яшчэ сто пяцьдзясят пяць гадоў таму напісаў Яська – гаспадар з-пад Вільні ў 5-м нумары сваёй газеты: “Нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае ўсіх нас у вечную няволю”. 6-ы нумар газеты прысвечаны пытанню веры, і тут Каліноўскі не вагаецца: “Цар маскоўскі перакупіў многа папоў і вялеў нас у схізму запісаць і, як антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру”. І нарэшце 7-ы, апошні, нумар “Мужыцкай праўды” адкрыта заклікае да ўзброенага паўстання: “Трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды косамі туды, дзе дабіваюцца волі і праўды, адкуль цягне на нас нячыстая маскоўская сіла”.

Зноў – як у выпадку з Купалам. Той заклікаў на сход, а Каліноўскі – да паўстання. Таму абодвух – прэч.

Без пералічаных твораў школьная беларуская літаратура выглядае як дрэва са збуцвелай сарцавінай. Нібыта з выгляду ўсё на месцы – і галіны да сонца імкнуцца, і ў кроне птушкі абзываюцца, а наскочыць бура – і зламаецца нетрывалы ствол…

Цягам апошніх гадоў Каліноўскага паступова, усё з большым імпэтам стараюцца дыскрэдытаваць у прыўладных СМІ (асабліва тут вызначыўся часопіс “Беларуская думка”), у тых жа школьных падручніках па гісторыі. Цяпер чарга дайшла і да ягонай празорлівай публіцыстыкі, ад якой адлучылі беларускую школу.

Дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Каму перашкаджалі ў школьнай праграме творы Купалы, Коласа, Гаруна, Цёткі, Гарэцкага, Гілевіча, Вярцінскага і Кастуся Каліноўскага – нацыянальнага героя №1? Адказ мне тут бачыцца адзін. І ён несуцяшальны.

Школа са збуцвелай сарцавінай выпусціць у свет і людзей з чарвівінкай унутры, з якіх не атрымаецца народу, здольнага выжыць у часы глабальных узрушэнняў. І хтосьці дужа зацікаўлены, каб новае пакаленне беларусаў вырасла падатлівым, каб не мела ў сабе здаровай нацыянальнай сарцавіны, якую ў чалавеку змалку ўзгадоўваюць родная гісторыя, родная мова і родная літаратура.