Здарэнне, якое скончылася для Меха праблемамі з праваахоўнымі органамі, адбылося ў жніўні, калі Алесь прыйшоў дамоў да знаёмага  – Дзмітрыя Чарніцкага. На выхадзе з пад’езда абодвух брутальна затрымалі. Потым Меха судзілі за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і апраўдалі.

Пра гэта “Народная Воля” падрабязна паведамляла ў мінулых нумарах. Пісалі мы і пра тое, што Алеся Меха чакае новы суд, бо з апраўдальным вынікам першага судовага пасяджэння не пагадзілася кобрынскае міліцэйскае начальства.

Але новыя падрабязнасці ў справе Алеся Меха з’явіліся яшчэ напярэдадні судовага разбіральніцтва – міліцыянеры склалі абсалютна новы пратакол за тое ж самае “правапарушэнне”.

Пра гэта “Народнай Волі” распавёў сам Алесь Мех.

– Маральна я рыхтуюся да новага суда, – распавядае Алесь. – Ведаю, што праўда на маім баку, ведаю, што ніякага непадпарадкавання міліцыянерам з майго боку не было, што і было даказана ў першым судовым пасяджэнні, аднак тое ўпорства, з якім рыхтуецца новы судовы разгляд, наводзіць на думку, што апраўдальнага прысуду, хутчэй за ўсё, не будзе.

– Як вы даведаліся пра тое, што на вас складзены новы адміністрацыйны пратакол? Якія адрозненні ёсць там у параўнанні з тым пратаколам, па якім вас ужо судзілі?

– Пра тое, што на мяне складзены новы пратакол за адно і тое ж “правапарушэнне”, я даведаўся пасля тэлефоннага званка. Мне патэлефанаваў участковы Юрый Свідуновіч, які і распавёў гэтую навіну: маўляў, прыходзьце, знаёмцеся, у вашай справе з’явіліся новыя акалічнасці…

Я пайшоў у Кобрынскі РАУС. Там перада мной паклалі пратакол. “Новыя” акалічнасці ўмясціліся на адзін аркуш фармату А4, запоўнены мелкім почыркам. Галоўная “навіна” заключаецца ў прычыне з’яўлення міліцыянераў у тым самым пад’ездзе, дзе мяне збілі і затрымалі. Калі ў першым пратаколе было напісана, што супрацоўнікі МУС з’явіліся там з мэтай вобшуку кватэры Дзмітрыя Чарніцкага, то паводле новай версіі яны былі там для затрымання Чарніцкага па адміністрацыйным правапарушэнні.

Гэта істотна мяняе справу?

– Гэта, на мой погляд, развязвае рукі міліцыянерам і суду. Бо калі прытрымлівацца першай версіі – вобшук (хоць я ўпэўнены, што міліцыянеры прыйшлі ў тую хату, каб знішчыць праслухоўку, якую я там знайшоў), то атрымліваецца, што затрымалі і збілі мяне нізашто. А калі адштурхоўвацца ад новай версіі – затрыманне Чарніцкага, то тут можна сабе ўявіць, што я стаў за Чарніцкага заступацца. Хаця нічога гэтага не было: нас проста збілі, надзелі кайданкі і паклалі тварам у падлогу…

– І ўсё ж у чым вас абвінавачваюць паводле “новай рэдакцыі” міліцэйскага пратакола?

– Цытую на мове арыгінала: “Умышленно схватил сотрудника милиции за плечи и пытался его оттянуть от Черницкого. При этом  на очевидные и неоднократные требования прекратить воспрепятствовать процессу задержания Черницкого и требования о соблюдении общественного порядка Мех А.В. не отреагировал».

Згодна з законам, я з пратаколам азнаёміўся і пакінуў там свае пісьмовыя заўвагі. Па-першае, напісаў, што не згодны з ім увогуле. Па-другое, напісаў, як усё было насамрэч. А насамрэч усё было так: пры выхадзе з пад’езда на мяне напаў невядомы чалавек у чорнай масцы, стаў душыць за шыю, апусціўшы маю галаву ўніз, і стаў наносіць удары у вобласць жывата. Затым мяне павалілі на падлогу, і тыя самыя невядомыя надзелі на мяне кайданкі. Ніхто з іх не прадстаўляўся.

Увогуле, здзіўляе, што міліцыянеры ў нашай краіне могуць перапісваць пратаколы, мяняць абставіны і акалічнасці справы заднім чыслом. І правасуддзе, якое мае адбыцца, па сутнасці будзе адбывацца заднім чыслом. Між іншым, дата новага судовага разгляду пакуль невядомая. Чакаю…

Поделиться ссылкой: