Юлія Слуцкая – заснавальніца і Старшыня Прэс-клуба. З 1995 па 2006 год з’яўлялася рэдактарам газеты “Камсамольская праўда ў Беларусі”. Пры ёй тыраж выдання дасягаў 330 тысяч экзэмпляраў. З 2007 па 2010 гады працавала галоўным рэдактарам “Еўрапейскага радыё для Беларусі”.

Юлія Слуцкая: “Увесь медыя-свет сёння – адна вялікая лабараторыя”.
Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая патлумачыла скарачэнне тыражоў папяровых выданняў тым, што сёння самы вялікі прырост карыстальнікаў інтэрнэта прыходзіцца на старэйшых людзей, якія з’яўляліся традыцыйнымі чытачамі друкаваных медыя. Але газеты і часопісы ўсё роўна застануцца, толькі, быццам ручныя гадзіннікі, будуць паказальнікамі пэўнай элітарнасці і дадаткамі да электронных медыя.

Сёння чалавек жыве ва ўмовах бесперапыннага цыклу спажывання інфармацыі. Напрыклад, толькі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук штодня карыстальніка чакаюць 2000 гісторый, з якіх алгарытм абірае для яго толькі 200. Паўстае пытанне, як завалодаць увагай чытача, калі ён 79% часу праводзіць толькі на 5 мабільных дадатках?

Старшыня Прэс-клуба зрабіла прагноз, што на наступныя 7-10 гадоў надыходзіць спакойны час, у чаканні чарговага тэхналагічнага буму. Сёння маюцца вялікія платформы, якія дазваляюць быць на ўзроўні, нават не маючы вялікіх рэсурсаў. Так, дзякуючы выкарыстанню некалькіх платформаў падчас Дня волі 25 сакавіка анлайны “Радыё Свабода” паглядзелі амаль 1 млн чалавек.

Але ўсё роўна паступова будзе павялічвацца разрыў паміж гігантамі медыя і астатнімі. Напрыклад, у буйных заходніх СМІ працуюць дзясяткі праграмістаў, якія дапамагаюць журналістам данесці кантэнт да карыстальніка. Так, медыя-кампанія BuzzFeed ідзе да сваёй аўдыторыі па 45 каналах, таму 80% яе ахопу прыходзіцца не на сайт.

Таму ў рэдакцыях выданняў становіцца важным павышаць узровень лічбавых кампетэнцый і кіравання: “Мы вельмі моцна прайгралі, калі нам прыйшла незалежнасць, калі пачалі з нуля развівацца незалежныя медыя… і гэтыя медыя да сярэдзіны 90-х мелі тыражы пад 100 тысяч. Але мы вучыліся журналістыцы, нас вучылі журналістыцы, аднак ніхто не вучыў кіраванню — і мы прайгралі, і будзем працягваць прайграваць, калі не навучымся гэтым эфектыўна кіраваць”.

Юлія Слуцкая: “Увесь медыя-свет сёння – адна вялікая лабараторыя”.
Слухачы HrodnaMediaRoom

Па прагнозах, менавіта прыватная прастора для чытача застанецца важней за агульнадаступную. Таму пераможа той, хто навучыцца рабіць націск на індывідуальнасць і эксклюзіўнасць. На фоне сусветных падзей, звязаных са з’яўленнем вялікай колькасці фэйкаў (ад англ. fake — падробка; інакш кажучы, проста скажоных навінаў або хлусні) зноў павялічваецца каштоўнасць сапраўднай журналістыкі.

Юлія Слуцкая асабліва падрэсліла: “Увесь медыя-свет сёння – адна вялікая лабараторыя. Выйграюць смелыя, выйграюць тыя, хто спрабуе новае”.