Нагадаем, што 6 кастрычніка адбыўся суд паміж актывістамі МБНФ і Мінгарвыканкамам. На паседжанні разглядалася скарга заяўнікаў (Сакалова Багдана, Ягора Сяргіенкі, Дзяніса Мандзіка і Кацярыны Шуст) на забарону святочнага шэсця 25 жніўня гэтага года, які планаваўся па традыцыйным для апазіцыі маршруце. Суд заяўнікі прайгралі.

За дзень да паседжання, кожнаму з заяўнікаў патэлефанаваў прадстаўнік УУС Маскоўскага раёна і запрасіў актывістаў на асабістую сустрэчу. Ужо на месцы маёр міліцыі Сяргей Астаф’еў патлумачыў, што на іх заведзена адміністрацыйная справа па частцы 2 артыкула 23.34 Адміністрацыйнага Кодэкса РБ. Гэты пункт прысвечаны парушэнню парадка правядзення масавага мерапрыемства і прадугледжвае штраф ад 20 да 40 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Наконт самой сустрэчы распавядае адзін з заяўнікаў, актывіст Моладзі БНФ Ягор Сяргіенка.

«7 кастрычніка мяне вызвалі ў УУС Маскоўскага раёна да намесніка начальніка Астаф’ева. Гэта было звязана з тым, што яшчэ ў жніўні мы планавалі арганізаваць мітынг і шэсце 25 жніўня, але мерапрыемства адмянілі, бо Мінгарвыканкам адмовіў у шэсці. Цяпер нам шыюць артыкул 23.34 частка 2 у сувязі з тым, што пісьмовай адмовы ў Мінгарвыканкам не паступіла. Я лічу, што Мінгарнвыканкам у помсту за тое, што мы падалі ў суд, спрабуе такім чынам нас запужаць. Але падаецца смешным тое, што прадстаўнікі гарадской адміністрацыі тэлефанавалі мне самі і ведалі, што мерапрыемства не будзе; акрамя таго, пра гэта можна было даведацца са СМІ ды сацыяльных сетак. А цяпер яны нешта гавораць пра парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Сваю віну ў гэтым я не прызнаю, і лічу дастатковым тое, што мы зрабілі для інфармавання».

Іншыя актывісты таксама лічаць, што дадзеная справа – помста Мінгарвыканкама на іх суд. Сваёй віны, за якую трэба несці адказнасць, заяўнікі не прызнаюць і плануюць змагацца за сваю праўду ў судзе. Не выключана, што ў выпадку пройгрыша, яны будуць яго абскаджваць далей.