Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Тое, што Аляксандр Лукашэнка днямі прыняў венесуэльскага прэзідэнта па ягонай дарозе ад Пуціна, я яшчэ неяк разумею. Ну не адмаўляць жа ў пасадцы, ёсць нейкі палітэс ды і настальжы па залатых часах сяброўства з Уга Чавесам. Так што дывановая дарожка, ганаровая варта, рытуальныя словы абодвух кіраўнікоў пра дружбу і ўсё такое — гэта паўбяды. Маглі б яшчэ і сала ды рагачоўскай згушчонкі загрузіць у самалёт, бо ў Каракасе, кажуць, зусім галадуха. І — цыгель-цыгель, ай-лю-лю!
17:47 9 кастрычнiка 2017
683
Памер шрыфта
Фота tut.by

Але ж і вожыку зразумела, што светлым перспектывам эканамічнай супрацы з тамтэйшым рэжымам — капец. І рэч не толькі ў тым, што патаннела (прычым, відаць, надоўга) нафта, на якой трымаўся “баліварыянскі сацыялізм” Чавеса. Рэч у тым, што ягоны пераемнік Нікалас Мадура хоць і цвердзіў у Мінску пра неабходнасць пабудаваць постнафтавую эканоміку, але ж на практыцы застаецца прыхільнікам той самай утапічнай лявацкай мадэлі. Яна яшчэ неяк працавала пры дарагой нафце, але цяпер — усё, прыехалі.

Так што ніякай гарманічнай эканомікі і заможнага жыцця для электарату Мадура не пабудуе. І ў тамтэйшай казне яшчэ доўга будзе гуляць вецер. Таму на добры лад беларускаму кіраўніцтву варта было б ціха змірыцца з крахам венесуэльскага праекта ды ціха змотваць адтуль вуды.

Але ж беларускія чыноўнікі, якім “партыя сказала “трэба”, упарта робяць добрую міну пры кепскай гульні. І не проста робяць міну, а, здаецца, гатовы і надалей пускаць грошы на вецер.

Віцэ-прэм’эр Уладзімір Сямашка пахваліўся, што Беларусь пабудавала ў Венесуэле чатыры заводы, у тым ліку самы буйны ў Лацінскай і Цэнтральнай Амерыцы завод па вытворчасці керамічных блокаў, заводы по зборцы дзесяці тысяч трактараў, пяці тысяч аўтамабіляў “МАЗ”, трох тысяч адзінак дарожнай і камунальнай тэхнікі ў год. Сямашка цвердзіць пра гатоўнасць беларускага боку распачаць новыя маштабныя праекты.

Але ж, як пытаўся адзін кінагерой: за чый кошт банкет? Сёння і тыя цыклапічныя вытворчасці, што пабудаваны, збольшага стаяць. Сёлета, напрыклад, сабралі толькі 14 “МАЗаў” ды восем трактараў. Іначай кажучы, гэта мёртвыя магутнасці, выкінутыя на вецер грошы.

Праўда, міністр прамысловасці Віталь Воўк выклаў арыгінальную схему запуску зборачных вытворчасцей у Венесуэле: маўляў, яны нам будуць пастаўляць алюміній, а мы ім — машынакамплекты. Што вельмі нагадвае (хоць міністр і аднекваецца) прымітыўны бартар, вядомы беларусам па 90-х гадах. Ды і нашто везці той алюміній з-за акіяна, хіба нельга знайсці бліжэй ды таннейшы?

Ці вось міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц заяўляе, што маюцца дамоўленасці пабудаваць у Венесуэле яшчэ пяць аграгарадкоў. Але з далейшых слоў высвятляецца, што і з першым аграгарадком завал: выканана толькі пятая частка праграмы, і “каб скончыць пачатае, неабходная воля венесуэльцаў, крыніцы фінансавання”. А потым — бравурная фраза: “Наперадзе будаўніцтва малочна-таварных комплексаў, птушкафабрык, забойнага цэха, мясаперапрацоўчага завода, малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў ды іншых аб’ектаў”.

Карацей, манілаўскія планы, пры тым што партнёры не ў стане разлічыцца нават за пабудаванае раней. І зноў тое ж пытанне: а за чый кошт будзе банкет?

Між тым са слоў міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага высветлілася, што ўрад Венесуэлы ўжо завінаваціўся сто мільёнаў долараў за пабудаванае жытло, але “разумеючы сітуацыю ды адносіны паміж краінамі, мы працягваем будаўніцтва”.

Простае пытанне: ну а хто адкажа, калі Каракас так і не разлічыцца? Падазраю, у рэшце рэшт расплацяцца беларускія падаткаплатнікі.

Такія авантурныя дзеянні былі б немагчымыя, каб у Беларусі (як і ў Венесуэле, дарэчы) працавала б нармальная рынкавая эканоміка і суб’екты гаспадарання самі б вызначалі, якія праекты выгадныя, а ў якія не варта ўкладацца. У нас жа, як бачым, усё дыктуецца палітычным валюнтарызмам, дамовамі “па паняццях” паміж правадырамі. “Партыя загадала” — і выканаўцы пруць насуперак эканамічнай мэтазгоднасці. Бо страшней за ўсё атрымаць па шапцы ад галоўнага начальніка.

Савецкі Саюз падобным чынам аказваў каласальную дапамогу так званым “краінам развіцця” (і некаторыя рэжымы трэцяга свету проста на гэтым паразітавалі), а потым не мог спагнаць даўгі і спісваў іх.

Беларусь жа, адрозна ад СССР, не мае глабальных геапалітычных амбіцый. Яшчэ болей, мы самі пазычаем грошы ў Расіі (можна сказаць, ужо ў даўгах па вушы), а Венесуэле будуем на павер. Гэта як п’янтосу на павер даваць гарэлку ў краме.

Ну не той Мадура партнёр, з якім варта складаць грандыёзныя супольныя планы. Усё, залаты час двухбаковых сувязяў сышоў назаўсёды. Спробы вазіць танкерамі нафту з-за акіяна скончыліся вялікім канфузам. А на аплату нашага экспарту ў калапсуючай Венесуэлы банальна няма сродкаў. І з кіраўнікамі-левакамі кшталту Мадуры гэта надоўга. Калі ж там прыдзе да ўлады апазіцыя, дык і зусім можа згануць супрацу з Мінскам, не дараваўшы хаўрусу з папярэднім кіраўніцтвам.

Тут якраз дарэчы старая індзейская прымаўка: калі конь здох, злезь! Але ж беларускія чыноўнікі, якім загадана надаць двухбаковай супрацы новы імпульс, так і рвуцца галапаваць на здохлым кані.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Як захварэць на аб’ектыўнасць?

З часоў, калі журналістыка стала акадэмічнай дысцыплінай, якую выкладаюць у навучальных установах, а студэнтам па заканчэнні навучання выдаюцца дыпломы з пазначанай там спецыяльнасцю, адна з першых ды

Работников меньше, управленцев — больше

Госаппарат и школа спасают от безработицы.
12 снежня 2017

«Какого допинга?!»

Не собирался писать про Олимпиаду – но вот приходится. Повод появился.