— Сітуацыя відавочная і страшная, — сказаў прэс-службе БХД Павел Севярынец. — У маладога жаўнера, Аляксандра Коржыча, паводле шматлікіх сведчанняў, вымагалі грошы проста за тое, каб яго не білі. Урэшце, па-зверску забілі і інсцэнавалі суіцыд. Міністэрства абароны, якое пару тыдняў таму на вучэннях «Захад–2017» пахвалялася перад усім светам «баегатоўнасцю» — пакрывае дзікую «дзедаўшчыну» і адмаўляецца расследаваць відавочнае забойства. У СМІ ўжо трапілі сведчанні пра разгул нестатутных адносінаў у Печах, здымкі з гематомамі на галаве і целе Аляксандра — а прадстаўнікі міністэрства ўпарта паўтараюць пра суіцыд. Што гэта за «абарона» такая, калі беларусаў забіваюць у быццам бы беларускім войску?!

«Мы патрабуем ад Мінабароны і Генеральнай пракуратуры поўнага і адкрытага расследавання, — заявіў Павел Севярынец. — Калі інфармацыя пра «дзедаўшчыну» і забойства Аляксандра пацвердзіцца, мы будзем настойваць на расфармаванні адпаведных вайсковых частак і адстаўцы міністра».

Паводле паведамленняў незалежных СМІ, апублікаваных 8 кастрычніка, у распараджэнні журналістаў маюцца шматлікія доказы забойства Аляксандра Коржыча ў выніку нестатутных адносінаў у беларускім войску.

Севярынец: якое гэта Мінабароны, калі беларусаў забіваюць у сваім войску!?