“Рок за жыццё” ладзіцца ўжо другі раз у межах тыдня за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. А ў гэтым годзе канцэрт адбыўся нават у двух гарадах: 7 кастрычніка музыкі выступілі ў Берасці, а ўжо 8 кастрычніка – у Мінску. Адчыніў праграму эксперыментальны рок-гурт “Haina”, набор інструментаў якога досыць нетыповы для рок-гурта – баян, скрыпка, ударныя. Працягнуў праграму псіхадэлічны “Tonqixod” з незвычайным акустычным сэтам, а пасля падцягнуліся больш цяжкія гурты – гурт “Бяз назвы” (або проста B:N:), магілёўскі “Akute”, піянеры беларускага пост-метала “Re1ikt”, і берасцейскі панк-гурт “Дай дарогу!” Берасцейскі гурт апраўдаў сваю назву і дабраўся на канцэрт якраз у час да свайго выступу, правёўшы паўдні ў корку на баранавіцкай чыгунцы з-за сутыкнення цягніка з КаМАЗам.

Вядучы і музыкі нагадвалі тэму канцэрта і нават спрабавалі дыскутаваць з аўдыторыяй па пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі. Відавочна, што размаўляць на сур’ёзныя тэмы з гарачай моладдзю са сцэны досыць складана. Зрэшты, большасць з прысутных выказвалася станоўча за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Арганізатары канцэрта “Рок за жыццё” выказалі спадзеў, што канцэрт будзе штогадовым.

Трансляцыя канцэрта “Рок за жыццё” адбывалася ў сацыяльных сетках і на YouTube-канале “Еўрарадыё”, сабраўшы ў той жа вечар каля 30 тысяч праглядаў.

Фота: Радзівон Антановіч

Нагадаем, што канцэрт “Рок за жыццё” ладзіцца ў межах Тыдня за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Кампанія пачалася 5-га кастрычніка і працягнецца да 10-га кастрычніка, калі адзначаецца Сусветны дзень за адмену смяротнага пакарання. Беларусь застаецца адной з 22 краін свету і адзінай краінай Еўропы, дзе выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды. За 20 гадоў у Беларусі выканана больш за 300 смяротных прысудаў, і быў памілаваны толькі адзін асуджаны. Беларускія і міжнародныя праваабаронцы лічаць такую практыку парушэннм права асуджанага на жыццё. Акрамя таго, выкананне прысудаў адбываецца непублічна — дата выканання прысуду не паведамляецца родным, як і не выдаецца цела забітага. Такая практыка выканнання прысудаў прызнаецца катаваннем для родных асуджанага.

Больш матэрыялаў па тэме можна знайсці на сайце кампаніі за адмену смяротнага пакарання.