Паводле звестак міжнароднага рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings, еўрабонды плануецца размясціць на пяць гадоў з тэрмінам абарачэння да 2022 года. Новаму выпуску еўрабондаў агенцтва прысвоіла папярэдні крэдытны рэйтынг на ўзроўні B-, перадае БелаПАН.

Як адзначае агенцтва, папярэдні рэйтынг адлюстроўвае рызыкі, звязаныя з «Еўрагандлем». У прыватнасці, большасць пазыковых сродкаў кампаніі намінаваная ў замежнай валюце, у той час як даходы намінаваныя ў беларускіх рублях, падкрэсліваюць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва.

«Вельмі высокія краінавыя рызыкі і слабая эфектыўнасць беларускай эканомікі таксама абмяжоўвае рэйтынгі «Еўрагандля», — гаворыцца ў паведамленні S&P Global Ratings.

У той жа час, адзначаюць аналітыкі агенцтва, на плацежаздольнасць «Еўрагандля» станоўча ўплываюць перадавыя пазіцыі кампаніі на рознічным рынку прадуктаў харчавання — доля «Еўрагандля» на рынку большая, чым пазіцыі пяці яе канкурэнтаў разам узятых.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings таксама прысвоіла папярэдні крэдытны рэйтынг аблігацыям «Еўрагандля» на ўзроўні B-.

Пры гэтым рэйтынгавае агенцтва паведамляе, што выпуск еўрааблігацый ад імя «Еўрагандля» ажыццяўляе кампанія Bonitron Designated Activity Company — спецыяльная юрыдычная асоба, якая базуецца ў Ірландыі. «Дзейнасць гэтай спецюрасобы будзе абмяжоўвацца ажыццяўленнем выпуску аблігацый і выдзяленнем крэдыту «Еўрагандлю», — гаворыцца ў паведамленні Fitch Ratings.

«Еўрагандаль» — найбуйнейшы харчовы рытэйлер Беларусі, на долю якога прыпадае 19% рынку (падлічана на аснове выручкі за першае паўгоддзе). Паводле звестак замежных СМІ, сустрэчы з патэнцыйнымі інвестарамі ў Еўропе і ЗША, па выніках якіх можа адбыцца размяшчэнне аблігацый «Еўрагандля», стартуюць 10 кастрычніка.