Палессе – беларуская Каталонія?

31

Дзеля чаго ж павінен сабрацца той “палескі кангрэс”, якія надзённыя пытанні мусяць абмеркаваць ягоныя ўдзельнікі? Свае мэты арганізатары форуму не хаваюць – на ім плануецца стварыць рабочую групу па распрацоўцы “палескага алфавіта”, заснаваць аргкамітэт грамадскага аб’яднання “Культурная аўтаномія Палесся”, наладзіць выданне газеты “Збудінне”…

Стоп! Газета з такой назвай у Беларусі ўжо выходзіла – у 1989–1990 гадах, прычым на нейкай “яцвяжскай” мове. І хоць выходзіла яна неперыядычна, пабачылі свет усяго 18 нумароў, але галасу нарабіла і нядобрую памяць па сабе пакінула.

Яе аўтары (грамада з пяці-шасці чалавек) даводзілі, што Палессе – адметны ва ўсіх адносінах рэгіён са сваёй уласнай мовай, а таму заслугоўвае мець сваю аўтаномію. Каб, значыцца, у гэтай аўтаноміі і школы з “яцвяжскай” мовай навучання з’явіліся, і радыё сваё, і кніжнае выдавецтва.

Склад рэдакцыі “Збудіння” неаднаразова змяняўся, нязменным заставаўся адзін чалавек – Мікола Шэляговіч. Ён і выступаў паўсюль галоўным рухавіком і натхняльнікам “яцвяжскай аўтаноміі”. І трэба сказаць, што ў ягонага праекта знаходзіліся ўплывовыя апекуны і фундатары. Памятаю, як у Пінску некалькі дзён гудзеў фестываль “яцвяжскай” песні – сучасны “Славянскі базар” мог бы пазайздросціць. Нават “Сябры” там засвяціліся, і Анатоль Ярмоленка, няйнакш адчуўшы сябе сапраўдным “яцвягам”, натхнёна спяваў пра “полэшучку”, што зацьміла сваёй красой “порыжэнак”.

Галоўны “яцвяг” Шэляговіч, карыстаючыся тагачаснай галоснасцю, раздаваў налева і направа інтэрв’ю, дзе яго часам несла, як кабылу пана Быкоўскага з гары. Так, у гутарцы з вядомым журналістам Аляксандрам Уліцёнкам ён самаўпэўнена як пра вырашаную справу гаварыў пра тую палескую аўтаномію. Далей – цытата: “Если же белорусы окажутся не готовыми к разделу политической власти, то Белоруссия сегодняшняя может быть расчленена на три части: Полесье отойдет к Украине, а Западная Белоруссия – к Польше. Шанс «шчырых белорусов» – только в конфедерации или федерации с полешуками” (Уліцёнак А. Іншадумцы, 1991, стар.145)”.

Што было, тое сплыло, – скажаце вы. “У капцах паснула, зеллем парасло”, – дадаў бы я, прыгадаўшы класіка. Але ж не ўсё, што плавае, сплывае. Сярод ганаровых гасцей “палескага кангрэса” з правам голасу значыцца… Мікола Шэляговіч. Той самы, які балантэсіў пра падзел Беларусі ў найскладанейшы перыяд яе палітычнага станаўлення.

Куды ж ён знік, чым цяпер займаецца і якія нівы засявае сваім палымяным словам? Аказваецца, нікуды спадар Шэляговіч не знікаў, проста перакваліфікаваўся з “яцвяга” ў адэпта “русского мира” і гэтак жа палымяна, як калісьці высмактаную з пальца “Яцвягію”, сёння адстойвае “спрадвечную рускасць” Калінінградскай вобласці. І жыве там, у колішнім Караляўцы-Кёнігсбергу.

На інтэрнэт-партале інфармацыйнага агенцтва РЕХ (пабрацім сумнавядомага “Рэгнума”) Николай Шелягович ці не самы запатрабаваны аўтар. Каб не стамляць вас аналізам ягоных публіцыстычных опусаў, я проста прывяду іх загалоўкі: “Священная Русская империя”, “Русская Польша”, “Забытый древнерусский период в истории Калининградской области”, “Почему до сих пор не состоялся белорусско-российский русский мир”…

Нырнуўшы з галавой у “пруска-рускую” праблематыку, Шэляговіч час ад часу вяртаецца і да сваёй улюбёнай тэмы – “яцвяжскага” Палесся. Не дае яно яму спакою, цягне як магнітам з тае Прусіі. Відаць, на філасофіі кёнігсбержца Імануіла Канта “русский мир” не вельмі будуецца. Вось і прыдумаў Шэляговіч, што самай надзейнай платформай для таго самага “мира” можа стаць наша Палессе (у яго разуменні – Яцвяжская Русь) – “как самая архаичная и наиболее сохранившая древнерусское наследие территория, о которой вполне можно сказать: из Етвязи есть пошла Русь. Ибо именно Ятвяжская Русь с ее Беловежской пущей и Брестом, с Припятью и Туровом – чем не сакральное место Руського света!”

“Руський свет” і “русский мир” – знайдзіце, як той казаў, адрозненні. Хіба мяккі знак…

Будучы прыпрэжаным да сцялежанага воза расійскай прапаганды, Мікола Шэляговіч мусіць выказвацца і на ўласна беларускія тэмы. Так, Кастусь Каліноўскі для яго, вядома ж, тэрарыст з прапольскай арыентацыяй. А Максіма Багдановіча, аказваецца, “опекал и вдохновлял” вялікі рускі пісьменнік Максім Горкі… Перш чым рабіць такія “адкрыцці” ў багдановічазнаўстве, хай бы аўтар пракансультаваўся ў сваёй былой жонкі, якая працяглы час узначальвала Музей Багдановіча.

Цяпер вы разумееце, якой праблемай для Беларусі можа стацца той “палескі кангрэс”, на якім ганаровым госцем з правам голасу заяўлена такая адыёзная асоба? У 1992 годзе Пінскі гарсавет здолеў адбіцца ад таго Шэляговіча – з дапамогай старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета і народнага паэта Ніла Гілевіча (з таго часу Ніл Сымонавіч стаў для “яцвяга” ворагам №1).

Дзіўна, але ў паляшуцка-яцвяжскага праекта, запушчанага ў канцы 1980-х, не перавяліся прыхільнікі да гэтай пары. Што яшчэ дзіўней – у асяродку пісьменніцкім. Так, у выдаваным Таварыствам украінскіх літаратараў (існуе пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў) альманаху “Справа” можна прачытаць не толькі творы на паляшуцкіх гаворках, але і сцвярджэнні, што на Кобрыншчыне, Піншчыне, Століншчыне, Лунінеччыне і Бярозаўшчыне людзі размаўляюць… па-ўкраінску. А значыць, трэба… Вы ўжо здагадаліся, што трэба? Прыблізна тое самае, што і прыдумшчыкам “Яцвягіі”. Што праўда, з’явілася арыентацыя на Украіну, што насцярожвае яшчэ больш.

Як прафесійны філолаг, мушу сказаць: так, беларускае Палессе мае свае моўныя асаблівасці, як мае іх віцебскае Паазер’е, усходняя Магілёўшчына і заходняя Гродзеншчына. У беларускай мове – безліч дыялектаў. Іх я і чуў, праехаўшы і праплыўшы па Прыпяці ад Пінска да Турава. І няма чаго ў душах палешукоў сеяць каталонскі сіндром (аб аўтамізацыі, аддзяленні і г.д.) – ён там ніколі не прыжывецца. Як прыжываецца ў галовах палітычных авантурнікаў накшталт Шэляговіча.

Неяк адзін з аўтараў згаданага альманаха “Справа” павёз мяне на сваю радзіму – у мястэчка Гарадная на Століншчыне (самы цэнтр Палесся), каб я на свае вочы і вушы пераканаўся: палеская мова існуе, а палешукі – асобны народ. Мы пабывалі на ганчарным фэсце, паездзілі па ваколіцах, шмат чаго наглядзеліся і наслухаліся. А на начлег спыніліся ў маці майго знаёмца, якая да паўночы спявала нам народныя песні. І сёння гучыць увушшу: “Ой зэлэнэ жыто, зэлэнэ, дорогіе гостыкі в мэнэ. Ой зэлэнэ жыто-осока, дорогіе госты здалэка”.

Перад тым як ісці спаць, я падзякаваў гаспадыні-пявунні і запытаўся: “Цётка, а кім вы сябе тут, у Гарадной, лічыце – яцвягамі, палешукамі, украінцамі?” Карэнная паляшучка Вольга Восіпаўна Пешка глянула на мяне як на школьніка: “Запомні, сынку, мы – твэрды білорусы!”

На месцы арганізатараў “палескага кангрэса” я запрасіў бы ганаровай госцяй не “яцвяга” Шэляговіча, а спадарыню Вольгу. Прынамсі, тады там прагучаў бы голас народа.

P.S. Калі гэты тэкст рыхтаваўся да друку, стала вядома, што навіна пра “палескі кангрэс” – фэйкавая. Але, як мы пераканаліся, праблема існуе, яна ўзнікла не сёння. І дыму без агню, як вядома, не бывае.

Поделиться ссылкой: