Новыя змены ў закон аб масавых мерапрыемствах – чаго чакаць?

15
Фота "Новы Час"

Якія асноўныя змены прапаноўваюцца ў дадзеным праекце?

Самае галоўнае, што зараз трэба зразумець, што гэты праект зменаў яшчэ нават не разгледзелі, а тым больш не прынялі. А калі казаць пра самі прапановы, то я звярнуў увагу на наступнае.

Па-першае, дадалі ў вызначэнне закона аб масавых мерапрыемствах паняцце культурнага мерапрыемства. Раней сюды ўваходзілі толькі культурна-відовішчныя, а зараз дадаюць яшчэ і культурныя, то бок спектаклі, канцэрты, прадстаўленні, iншыя культурныя мерапрыемствы.

Выглядае на тое, што зараз з арганізацыяй усіх культурных мерапрыемстваў трэба рабіць такім жа чынам, як і з грамадскімі акцыямі – атрымліваць дазвол і адпавядаць закону о масавых мерапрыемствах.

Па-другое, ўвялі паведамляльны парадак для некаторых масавых мерапрыемстваў, але толькі для тых, якія праводзяцца ў месцах, якія вызначаны мясцовай уладай. У Менску такіх усяго тры: сквер у парку Сяброўства народаў каля плошчы Бангалор, Кіеўскі сквер і парк 50-годдзя кастрычніка. Але і тое – не ўвесь парк, а вобласці са сцэнай, амфітэатрам і г.д.

Гэта значыць, калі я хачу правесці мерапрыемства ў адным з гэтых вызначаных месцаў, я падаю толькі паведамленне і ўсё – магу праводзіць. Улады могуць забараніць, толькі калі я парушыў патрабаванні заканадаўства пры падачы паведамлення, закон аб масавых мерапрыемствах ці калі на гэты час ужо раней было запланавана нешта іншае. У астатніх выпадках мне забараніць не могуць. Гэта пазітыўны момант.

Негатыўны момант: раней забаранялася выкарыстанне прызначаных ці спецыяльна прыстасаваных прадметаў для нанясення цялесных пашкоджанняў. Зараз жа яны напісалі, што забаронена прымяненне любых прадметаў, якія могуць быць выкарыстаны як зброя. Розніца моцна адчуваецца.

Дык нават зубачыстка можа стаць зброяй!

Зубачыстка так, але мы можам паглядзець яшчэ больш шырока. Напрыклад, дрэўка, на якім вісіць сцяг ці транспарант: калі яго перагарнуць і стукнуць, гэта ўжо можа стаць зброяй. Пад гэта азначэнне можа патрапіць нават тэрмакубак з кіпенем – гэта ж таксама можа быць выкарыстана як зброя. Таму зноў жа, калі пашырана трактаваць гэтую норму, мне падаецца гэта мінусам.

То бок, гэта яшчэ больш павялічвае ўседазволеннасць і розначытанні гэтага закона міліцыяй?

На мой погляд так. Калі літаральна трактаваць закон, то на мой погляд гэта так.

Таксама яшчэ ўносяцца зменены ў артыкул 23.34 пра парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Са станоўчага – прыбралі адказнасць арганізатара за паўторнае парушенне гэтага закона на працягу года. Раней, калі арганізатар парушаў другі раз пасля першага спагнання, то надыходзіў больш сур’ёзны штраф ці адміністрацыйны арышт. У прапанаваным законапраекце такую адказнасць прыбралі – пакінулі проста парушэнне парадку арганізацыі.

Але ёсць і мінус – хочуць дадаць у першую частку парушэння закона аб масавых мерапрыемстваў, апроч удзельнікаў яшчэ і «іншых асоб». То бок, не ўдзельнік парушыў закон, а іншая асоба. А што гэта азначае, мы ведаем. Калі чалавек ішоў па хлеб у краму ці проста знаходзіўся на месцы правядзення мерапрыемства, яго ўжо можна прыняць за гэтую «іншую асобу» і прымяніць да яго меру адказнасці. Але гэта калі трактаваць закон літаральна.

Выходзіць, па гэтым пункце можна прыцягваць да адказнасці любога, хто там фізічна знаходзіўся?

Тут варта падкрэсліць, што гэта менавіта пры літаральным трактаванні закона. Але ў нас і трактуюць літаральна. У нас жа дакладна не азначаны межы правядзення. Калі чалавек праходзіў побач ці праз мерапрыемства, праязджаў на ровары, жыве ў доме побач ад мерапрыемства і выйшаў па кефір у краму – ён не ўдзельнік, але «іншая асоба». І вось – да 30 базавых ці адміністрацыйны арышт. Але зноў жа, гэта калі трактаваць літаральна.

На ваш погляд, новаўвядзенні ў закон аб масавых мерапрыемствах яшчэ мацней ускладняць жыццё грамадскім арганізацыям і партыям пры правядзенні мерапрыемстваў?

Так, і гэта дазволіць на даволі законных падставах павялічыць паток асоб, да якіх прыменяць меру адміністрацыйнай адказнасці. Зараз нават не трэба будзе блытацца міліцыянтам у паказаннях. То бок яны наўпрост скажуць, што ён там быў, і ўсё. Удзельнічаў ці не – ужо нікога не хвалюе.

І як вы лічыце, якія шанцы таго, што гэтую рэдакцыю прымуць? 

Скажам так. Большасць прапанаваных законапраектаў прымаецца. Тым больш гэта законапраект, які накіраваны на рэгуляванне дастаткова адчувальнага права – права на свабоду меркаванняў і выказванняў. Я лічу, што яго абавязкова прымуць, пытанне толькі – у якой рэдакцыі. І мне падаецца, што зараз мае сэнс арганізаваць нейкія грамадскія абмеркаванні і прадставіць незалежным арганізацыям сваё заключэнне на дадзены момант і свой погляд. Таму што, наколькі я разумею, гэты праект стаў поўнай нечаканасцю для ўсяго трэцяга сектара.

Заўв. рэдактара сайта: выдалена фраза з першага абзаца “унясенне законапраекта было адобрана абедзвюма Палатамі Парламента”. Звяртаем увагу, што было адобрана толькі ўнясенне законапраекта на разгляд; самі змены і дапаўненні яшчэ не разглядаліся парламентам і не былі зацверджаны. Выбачаемся за недакладнасць.

Поделиться ссылкой: