Алена Анісім: Дзеці павінны мець магчымасць атрымліваць адукацыю на роднай мове

20

– Як вядома, у Беларусі зараз ствараецца прыватны беларускамоўны ўніверсітэт “Альбарутэнія”. А што чуваць пра стварэнне дзяржаўнага Нацыянальнага ўніверсітэта?

– Гаворка ў свой час ішла, каб адзін альбо некалькі ўніверсітэтаў Беларусі перайшлі на беларускамоўнае навучанне, – кажа Алена Анісім. – Але пакуль з гэтай нагоды нічога сказаць не магу. На бліжэйшай нарадзе ў Міністэрстве адукацыі будзе шмат зацікаўленых асобаў, і я ў звязку з распрацоўкай Кодэкса аб адукацыі хачу падняць пытанне беларускамоўнай адукацыі. Ці ёсць гэта сёння ў планах ведамства? Як яны бачаць гэтую праблему наогул? Ці збіраюцца яе вырашаць?

— Да вас, як да дэпутата, людзі з такімі праблемамі звяртаюцца?

– Безумоўна. Людзі звяртаюцца, каб іх дзеці мелі магчымасць атрымліваць адукацыю па-беларуску. У Жодзіна, напрыклад, бацькі з нашай дапамогай дамагліся, каб іх дзіця вучылася на роднай мове. Але ёсць такія ж пытанні ў Нясвіжы, у Мінскім раёне… Таму на нарадзе трэба абазначыць гэтую вялікую праблему, якую Міністэрства адукацыі ніякім чынам не бачыць і не вырашае.

– У параўнанні з мінулым годам сітуацыя з беларускамоўным навучаннем пагоршылася?

– Найперш сітуацыя пагоршылася ў тым, што пры закрыцці вясковых беларускамоўных школ дзецям не прапануецца далейшае навучанне на роднай мове. І яны вымушаны ў раённых цэнтрах ці мястэчках далей вучыцца на рускай мове. Паўтаруся, гэтую праблему Міністэрства адукацыі абсалютна не хоча бачыць…

Поделиться ссылкой: