Самы вядомы «дылетант» Беларусі 15 гадоў цешыў тэлегледачоў апавяданнямі пра культуру і гісторыю нашай краіны. Праграма «Падарожжа дылетанта» за сваю гісторыю сабрала вялікую калекцыю легенд і апавяданняў пра цікавыя і незвычайныя беларускія мясціны, а вобраз вядучага-«дылетанта» нават стаў своеасаблівым сімвалам беларускай культуры.

У 2016 годзе Юрый Жыгамонт на некаторы час прыпыніў свае падарожжа з-за хваробы. Акцёр перанёс інфаркт міякарда, затым рушылі ўслед складаная аперацыя і працяглы працэс рэабілітацыі. Пасля выздараўлення знакаміты «дылетант» аднавіў здымкі перадачы, але ўжо ў новым фармаце.

– Правядзенне такіх сустрэч невыпадкова. Калі Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа запрасіла мяне паўдзельнічаць у кампаніі па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, я адразу пагадзіўся, — распавядае артыст. — Бо ў нядаўнім мінулым сам перанёс інфаркт. Каб аднавіцца, я змяніў свой лад жыцця на больш здаровы і працягваю працу над сабой. Пра гэта, а таксама пра мае падарожжа і творчасць я раскажу ўдзельнікам сустрэч. Я выступлю па-за вобразам «дылетанта», гэта будзе адкрытая размова з гледачамі ў прыязнай абстаноўцы».

Серыя творчых сустрэч з Юрыем Жыгамонтам праходзіць у межах праекта «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванні здаровага ладу жыцця» Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), Швейцарскага Чырвонага Крыжа і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе БТЧК ініцыявала правядзенне кампаніі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту «Выбірай сэрцам!», мэта якой – праінфармаваць насельніцтва Беларусі пра захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, фактарах рызыкі іх развіцця і мерах прафілактыкі.

– З дапамогай кампаніі мы хочам расказаць, як можна знізіць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і матываваць людзей змяніць свае паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця. Рады, што вядомыя людзі Беларусі падтрымліваюць кампанію і далучаюцца да яе. Спадзяемся, творчыя сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам стануць для ўдзельнікаў добрым стымулам беражліва і адказна ставіцца да свайго здароўя», – пракаментавала менеджэр праекта БТЧК Таццяна Святловіч.

Сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам пройдуць у пяці гарадах Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемстваў стануць жыхары і госці гарадоў Горкі, Ашмяны, Слонім, Полацк і Сянно. Першая сустрэча адбудзецца сёння вечарам ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 ім. Ф. Скарыны.