Праект-мемарыял “Страчаныя абліччы” – вынік супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, а таксама Беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні. На выставе сабраныя ўнікальныя экспанаты. Сярод артэфактаў – асабістыя рэчы рэпрэсаваных пісьменнікаў, а таксама прадметы, знойдзеныя падчас раскопак у Курапатах.

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».

На адкрыццё выставы прыйшлі сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік, унучка Сяргея Знаёмага Таццяна Навасельская, пляменніца Алеся Дудара Лідзія Малініна. Таксама на адкрыцці прысутнічала падчарка Браніслава Тарашкевіча і ўнучатая пляменніца рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава Ірына Ніжанкоўская, якая распавяла пра трагічны лёс дзядзькі.

– У 1939 годзе, пасля ўз’яднання краіны, ён казаў, што нарэшце зможа папрацаваць на карысць Беларусі. Ён паехаў у Маладзечна і прапанаваў свой досвед рэдактарскай працы. Яму сказалі: “Калі ласка, напішыце аўтабіяграфію”. І ў выніку яна стала для яго абвінаваўчай. Яго арыштавалі.

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Ірына Ніжанкоўская. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Аўтар ідэі і куратар выставы, старшы навуковы супрацоўнік Купалаўскага музея Павел Каралёў правёў для наведвальнікаў экскурсію па экспазіцыі.

– Выстава прымеркаваная да 80-годдзя Вялікага тэрору. Тут прадстаўлены ўвесь працэс – падазрэнні, арышты, допыты, высылкі, расстрэлы, – зазначыў ён.

Экскурсія пачынаецца з лёсу Янкі Купалы. Хоць паэт не быў расстраляны (яго смерць усё яшчэ застаецца загадкай), але таксама зведаў рэпрэсіі. На прысвечаным Песняру стэндзе як адлюстраванне крывадушша бальшавіцкай улады разам з узнагародамі прадстаўлены пратаколы, напісаныя паэтам падчас допытаў у ДПУ. А таксама – нож, пры дапамозе якога, паводле легенды, Купала спрабаваў здзейсніць самагубства ў 1930 годзе.

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Павел Каралёў. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Далей – вітрыны з асабістымі рэчамі пісьменнікаў. Кожны прадмет узрушвае і кранае да глыбіні душы. Ручнікі, вышытыя маці Максіма Гарэцкага і цёткай Міхася Чарота. Галінка верасу, засушаная Уладзімірам Дубоўкам, які зведаў не адну высылку і 10 год лагераў. Крыжыкі, якія вырабляў у зняволенні на Калыме Сяргей Новік-Пяюн, а таксама яго асабісты чамадан. Тканы пояс сасланага пралетарскага паэта Андрэя Александровіча. Унікальны і невядомы дагэтуль экспанат на выставу перадала пляменніца Алеся Дудара: збор твораў Янкі Купалы 1929 года з аўтографам “Алесю – Янка. 29.ІІІ.1932”. Ліст таго ж Дудара да маці з турмы “амерыканкі” з просьбай аб сустрэчы, якая так і не адбылася. Апроч таго – здымкі, паштоўкі, пратаколы, справы, абутак, гузікі, пенснэ, гільзы…

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Галінка верасу, засушаная Уладзімірам Дубоўкам. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».
“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
На фота — адзін і той жа чалавек, Уладзімір Дубоўка пасля лагеру і да яго. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».
“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Крыжыкі, вырабленыя Сяргеем Новікам-Пяюном на Калыме. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».
“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Дарчы надпіс Янкі Купалы Алесю Дудару. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».

– Выстава ўзрушвае, перад укрыжаванымі партрэтамі хочацца проста ўкленчыць і перахрысціцца, – падзялілася ўражаннямі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. – Гэтая выстава – працяг шанавання памяці тых, хто тварыў нашу літаратуру.

У “чорную ноч” беларускай літаратуры з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлій Таўбін, Анатоль Вольны, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны і многія іншыя прадстаўнікі беларускай эліты, якіх – больш за 100…

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам
Курапацкія знаходкі. Фота Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».