Вечарына была хоць і невялікай, але вельмі пранікнёнай. Удзельнікі паслухалі расповяды пра Зоську Верас, паглядзелі дакументальны фільм-замалёўку пра яе гарадзенскія ўспаміны. Таксама некалькі песень заспяваў фальклорны ансамбль “Кужаль” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (кіраўнік – Наталля Вікуння-Аррыетта).

Вечарына да 125-годдзя чалавека-легенды Зоські Верас
Гурт «Кужаль»

Сваімі успамінамі пра Зоську Верас падчас вечарыны падзяліўся прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, які асабіста ведаў пісьменніцу і падтрымліваў з ёю сяброўскія адносіны. Ён назваў Зоську Верас чалавекам-легендай, узгадаўшы, як тая выконвала чарнавую работу на пляцоўцы беларускай культуры і нацыянальнага вызвалення, за якую ніхто не хацеў брацца, пачынаючы ад сакратарскіх функцый на шматлікіх паседжаннях да арганізацыйнай працы па выданні беларускіх газет.

Вядомая беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка Зоська Верас нарадзілася 30 верасня 1892 года на Украіне ў сям’і вайскоўца з Гродна, які ніколі не губляў сувязі з Бацькаўшчынай. Пасля смерці бацькі разам з маці вярнулася ў горад над Нёманам. Вызначальным для сябе лічыла 1909 год, калі арганізаваўся Гродзенскі гурток беларускай моладзі. Значная частка жыцця Зоські Верас звязаная з Вільняй. Яна была сапраўдным рухавіком беларускага грамадскага і літаратурнага асяродку. Зоська Верас пражыла амаль 100 гадоў, і гэта было цікавае жыццё, поўнае выпрабаванняў, але і надзвычайных, прыгожых людзей. Яна была ўдзельніцай найбольш значных падзей беларускага нацыянальнага Адраджэння: супрацоўнічала з “Беларускай хаткай”, шмат рэдагавала і пісала, сябравала і ліставалася са шматлікімі літаратарамі, такімі як Ларыса Геніюш, Данутай Бічэль-Загнетавай, Алесем Бачыла; ужо напрыканцы 80-ых згуртавала Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Нягледзячы на актыўнае грамадскае жыццё і багатую літаратурную працу, асоба Зоські Верас застаецца як бы ў цені: пра яе мала вывучаюць у школе, ды і найбольш грунтоўны зборнік яе твораў выйшаў толькі ў 2015-ым годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор».

Карыстаючыся нагодай, дзелімся некалькімі творамі, каб вы пачулі і саму Зоську Верас.

ЧАРОЎНЫ КРАЙ

Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Цябе павяду я ў нязьведаны Край,
Вузенькай мяжою мы пойдзем ўдваіх;
Так мякка, на’т крокаў ня ўчуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча… ах рай!
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай…

Глянь, жыта красуе — расуе кругом,
Русалкі-казыткі хаваюцца ў ём.
А зайчык, прысеўшы ля самай мяжы,
На жабу міргае: “Дзе я — не кажы”.

На лузе зялёным пан бусел стаіць,
Над ім ўецца кніга і кліча: піць-піць!
Шнур гусак на сонцы бліснуў, закрычаў,
Спусьціўся і ў лозах-чаротах прапаў.

На возера ў чыстай-празрыстай вадзе
Лілея свае карагоды вядзе…
Камарыкі роем “лявоніху” скачуць…
Ля берага вербы хістаюцца, плачуць…
Чаго яны плачуць? Ты сэрцам згадай…
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай.

Вечарына да 125-годдзя чалавека-легенды Зоські Верас

Вечарына да 125-годдзя чалавека-легенды Зоські Верас

Вечарына да 125-годдзя чалавека-легенды Зоські Верас
З часопіса «Куфэрак Віленшчыны», 1/2000, з сайта Kamunikat.org