Як паведамлялася раней, бухгалтара Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Ігара Комліка на гэтым тыдні вызвалілі з СІЗА №1 Мінска ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Мы ўсе чакалі вызвалення Ігара Комліка, і сёння ён знаходзіцца на волі – сярод блізкіх і сяброў, – кажа Генадзь Фядыніч. – Гэта добра. Кепска тое, што чалавек два месяцы адседзеў, на мой погляд, нізашто. Ігара маглі б пакінуць пад падпіскай аб нявыездзе з першага дня. Навошта было яго адпраўляць за краты? Тым больш што практычна ніякіх следчых дзеянняў за гэты час і не праводзілася.

– Крымінальная справа не закрыта, яна працягваецца. На ваш погляд, якія тут перспектывы?

Адно магу сказаць: ад нас тут нічога не залежыць. Следчыя працуюць, але далейшае развіццё падзей непрадказальнае. Не выключаю, што канчатковае рашэнне будзе залежаць у тым ліку і ад таго, як на сітуацыю адрэагуе Міжнародная арганізацыя працы. А пытанні ў МАП будуць і да беларускіх дыпламатаў, і да ўрада. Бо так абыходзіцца з незалежнымі прафсаюзамі нельга. Мы не бандыцкая арганізацыя, а празрыстая структура. І калі ў кагосьці з’явіліся пытанні да нас, то можна было іх культурна задаць, а не ладзіць маскарад, як быццам нехта рыхтаваў пераварот. Але мы як працавалі, так і надалей будзем працаваць.