Не выключана, што галасаванне адбудзецца 18 лютага. Менавіта гэтую дату старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала найбольш аптымальнай.

Да дня “ікс” засталося крыху больш за чатыры месяцы. Наколькі гатова АГП да ўдзелу ў выбарах?

– Анатоль Уладзіміравіч, ці збіраецца АГП браць удзел у гэтых выбарах?

– Спачатку давайце вызначымся з тэрміналогіяй. Для Лідзіі Ярмошынай гэта выбары, а для АГП – палітычная выбарчая кампанія. Розніца вельмі істотная. Бо выбары – гэта калі ўлічаны кожны голас. Выбары – гэта калі ты можаш абскардзіць несправядлівае рашэнне ў незалежным судзе. Выбары – гэта калі ва ўсіх удзельнікаў роўныя магчымасці. Выбары – гэта калі галасуюць бюлетэнямі, а не зацверджанымі пратаколамі.

А вось у выбарчай кампаніі наша партыя ўдзельнічаць будзе. Хаця б дзеля таго, каб паказаць беларусам, што альтэрнатыва ёсць. Ёсць праграма па вырашэнні эканамічных праблем, ёсць ідэі наконт таго, як стварыць у Беларусі новыя працоўныя месцы.

Не скажу, што кандыдатаў ад АГП будзе шмат. Для нас гэта валанцёрская кампанія. Тым, хто выкажа жаданне ў ёй паўдзельнічаць, я пацісну руку.

– Цягам некалькіх апошніх электаральных кампаній стратэгія АГП паўтараецца. Партыйныя кандыдаты камунікуюць з выбаршчыкамі – і на гэтым кропка. Ці азначае гэта, што “захапіць уладу”, напрыклад, у Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў АГП не збірацца? Хаця б для таго, каб не скардзіцца на тое, што ўлада адпраўляе мітынгоўцаў праводзіць пратэстныя акцыі на “сабачую пляцоўку” ў раёне плошчы Бангалор…

– Якім чынам “захапіць” Мінгарсавет? Уварвацца туды з матросамі, фермерамі і прадпрымальнікамі і ўсесціся ў крэслы? Як сведчыць гісторыя, сцэнар такога захопу недаўгавечны. Мы за тое, каб улада абіралася на сумленных выбарах.

– А што вы, ваша партыя зрабілі для таго, каб выбары ў Беларусі сталі сумленнымі? Можа, выйшлі да будынка Цэнтрвыбаркама і галадалі, патрабуючы змен у выбарчае заканаўства?

– Галадоўка ў Беларусі – не той сродак. Бо, гледзячы на таго, хто стаіць з плакатам на плошчы, беларускі чыноўнік не адмаўляецца ад таго, каб закладваць за абедзве шчакі чорную ікру… На эмоцыі і дзеянні беларускага чыноўніка від галадаючага чалавека ніяк не ўплывае.

Дамагаючыся змен у выбарчае заканадаўства Беларусі, мы пайшлі іншым шляхам. Па-першае, менавіта мы былі ініцыятарамі таго, каб пад патрабаваннямі змен у выбарчае заканадаўства падпісаліся ўсе кіраўнікі дэмакратычных беларускіх партый. Па-другое, мы правялі вялікую работу з міжнароднымі экспертамі, якія далі заключэнне, што так, змены, якіх дамагаюцца беларускія дэмакраты, слушныя. І, па-трэцяе, лічу, што АГП напоўніцу выкарыстала дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай. Мы разам з нашым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў прайшлі ўвесь шлях бюракратычнай цяганіны, каб вынесці пытанне аб змене выбарчага заканадаўства на бліжэйшую сесію. І гэта пытанне будзе там абмяркоўвацца. Няма ілюзій, што калегі Канапацкай ініцыятыву падтрымаюць, але пад ляжачы камень вада не цячэ…

– На ваш погляд, ці магчымы варыянт, калі нехта з сябраў АГП пераможа на выбарах нават у цяперашніх умовах?

– Улада працягне сваю гульню з Захадам. Не выключана, што кагосьці з прадстаўнікоў апазіцыі аб’явяць дэпутатам дзеля таго, каб сказаць: навошта нам мяняць выбарчае заканадаўства, калі і па гэтым апазіцыя перамагае? Гэта такая гульня ў “паўзучую” дэмакратыю. Але гэта не адмяняе галоўнага: Беларусі трэба вярнуць сапраўдныя выбары. І, можа быць, высілкаў адной АГП тут мала…