Стала вядома, што дакумент, які ў народзе называюць “дэкрэт аб дармаедах”, накіраваны на разгляд кіраўніка краіны.

Нагадаем, што 9 сакавіка прэзідэнт пастанавіў прыпыніць на год дзеянне дэкрэта пасля акцый пратэсту, якія прайшлі ў розных рэгіёнах Беларусі.

– На жаль, пры дапрацоўцы дакумента ніхто з незалежнымі прафсаюзамі не ўзгадняў дэкрэт і не раіўся. Мы не ведалі, якія канкрэтна змены распрацавалі. Але, мяркую, некаторыя спрэчныя моманты выкінулі, хаця наша прынцыповая пазіцыя такая: дакумент патрэбна наогул адмяніць.

– Якія ў вас аргументы?

– Існуюць працоўныя адносіны, а ёсць прымус да працы. І на гэты прымус мы будзем прымаць адпаведныя меры – інфармаваць пра гэтыя факты Міжнародную арганізацыю працы (МАП). Дарэчы, у мінулым годзе на канферэнцыі МАП у Жэневе якраз і прагучала патрабаванне да беларускага ўрада адмяніць дэкрэты №3 і №5 (дакумент тычыўся сферы дрэваапрацоўкі).

Так ці інакш, але гэтыя пытанні застаюцца пад пільнай увагай Міжнароднай арганізацыі працы, і мы будзем выкарыстоўваць усе інструменты, каб дэкрэт “аб дармаедах” не ўдасканальваўся, а быў неадкладна адменены. Праца – гэта права, а не абавязак грамадзяніна краіны. І гэта права гарантуецца Канстытуцыяй.