Шасцёра – на адно крэсла

Звычайна справаздачна-выбарчы з’езд любой беларускай палітычнай партыі – мерапрыемства маркотнае, руціннае і мала каму, акрамя саміх партыйцаў, цікавае.

Аднак з’езд Партыі БНФ, які прайшоў у мінулыя выхадныя, абяцаў быць цікавым. Хаця б толькі таму, што пра свой намер балатавацца на пасаду старшыні партыі яшчэ задоўга да з’езда заявілі некалькі чалавек: намеснікі старшыні партыі Ігар Лялькоў і Рыгор Кастусёў, настаўніца з Наваполацка Вольга Дамаскіна і індывідуальны прадпрымальнік Ілля Дабратвор. Дзейны старшыня партыі Аляксей Янукевіч не мог балатавацца на гэтую пасаду, бо два тэрміны яго старшынства скончыліся.

З чым Партыя БНФ падышла да выбараў новага старшыні? Вынікі, шчыра кажучы, сумныя, ад якіх хочацца плакаць. У партыйнай касе – нуль, запазычанасць за камунальныя паслугі вялікая. Ніводнага дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў. Якую-небудзь гучную акцыю партыйных актывістаў, пра якую гаварыла б уся Беларусь, узгадаць немагчыма…

Карацей, ганарыцца няма чым. Але Аляксей Янукевіч, які выступіў перад з’ездам са справаздачай, так не лічыць. Сабе і партыі ў заслугу ён паставіў тое, што падчас мінулай парламенцкай кампаніі за дзяржаўны кошт (!) былі надрукаваны ўлёткі з біяграфіямі кандыдатаў ад Партыі БНФ. А таксама – што тыя самыя кандыдаты выступілі па радыё і тэлебачанні і іх праграмы былі надрукаваны ў дзяржаўных СМІ (гэта прадугледжана законам і заслугі Партыі БНФ у гэтым ніякай) і што пра іх, кандыдатаў, даведаліся людзі…

Смешна? Але дэлегаты з’езда, нягледзячы на тое, што Партыя БНФ, па сутнасці, ператварылася не толькі ў фінансавага, але і палітычнага банкрута, так не палічылі, прызнаўшы працу старшыні цалкам задавальняючай.

Што тычыцца кандыдатаў на гэтую пасаду, то нечаканым для многіх стала вылучэнне настаўніцы Вольгі Дамаскінай. Але на з’ездзе высветлілася, што гэтае яе рашэнне не было самастойным. Аказалася, што балатавацца на пасаду сташыні яе папрасіла “дзейнае партыйнае кіраўніцтва”.

– Так, мяне пра гэта папрасіла партыйнае кіраўніцтва, – сказала ў сваім выступленні Вольга. – Паабяцалі падтрымку. І мне было вельмі непрыемна, што ў рэшце рэшт за пасаду старшыні вырашыў змагацца Рыгор Кастусёў. Але я не стала спыняцца на паўдарогі і пайду да канца, вазьму ўдзел у выбарах.

Адным са сваіх намеснікаў Дамаскіна хацела бачыць таго ж Янукевіча, але апошні на прапанову адрэагаваў лаканічна: “Воля, я цябе вельмі люблю, але лічу, што табе рана быць старшынёй партыі”. Высветлілася, што Янукевіч прымкнуў да Кастусёва і быць ягоным намеснікам пагадзіўся пасля “няпростых перамоў”.

Наступным, хто паспрабаваў разварушыць партыйную “багну”, стаў прадпрымальнік, бацька пяці дзяцей Ілля Дабратвор. Хоць яго праграма, раздрукаваная на чорна-белым прынтары і раздадзеная ўсім удзельнікам з’езда, была набрана з граматычнымі памылкамі, са сцэны Палаца мастацтва, дзе і адбывалася мерапрыемства, ён прамаўляў палымяна.

– Зараз не ідзе размова пра захаванне Партыі БНФ, – сказаў ён. – Зараз ідзе размова пра пахаванне партыі. Мы ператварыліся не ў партыю, а ў нейкі клуб па інтарэсах. Калі вы не хочаце нічога мяняць, выбірайце іх (меўся на ўвазе Кастусёў. – Аўт.). Яны канчаткова пахаваюць партыю, бо гэта пахавальная каманда.

Акрамя Дамаскінай, Дабратвора і Кастусёва сваё жаданне ўзначаліць Партыю БНФ выказаў прадпрымальнік Алесь Талстыка, бізнесмен Васіль Астроўскі і былы марак Аляксандр Страх. Ігар Лялькоў, які да з’езда заяўляў аб сваіх намерах паўдзельнічаць у выбарах, у рэшце рэшт сваю кандыдатуру зняў.

Дарэчы, менавіта да бізнесмена Астроўскага дэлегаты з’езда праявілі найбольшую цікавасць. Не столькі ў сэнсе яго бачання далейшага партыйнага развіцця, колькі ў фінансавым плане. І логіка ў гэтым была: калі чалавек круціцца ў бізнес-колах, то і ён сам, і людзі, з якімі ён працуе, тэарэтычна маглі б дапамагчы Партыі БНФ хоць нейкай капейчынай – напрыклад, у аплаце камунальных запазычанасцяў мінскай сядзібы партыі.

– А што вы, партыйцы, для тых бізнесменаў зрабілі? – задаў пытанне Астроўскі. – Гэтыя людзі лічаць грошы і выкідаць іх на вецер проста так не будуць. Дзе гучныя акцыі ў абарону прадпрымальнікаў? Дзе гэта ўсё?..

Пасля такога адказу цікавасць да Астроўскага ў дэлегатаў імгненна знікла.

Голас за катлету з бульбай?

Галасаванне за новага старшыню пачалося па абедзе. Дакладней – замест абеду. Дэлегаты з’езда атрымалі жоўтага колеру бюлетэні і, толькі прагаласаваўшы, маглі разлічваць, што ім выдадуць два пластыкавыя судочкі – адзін з капуснай салатай, а другі – з катлетай і бульбай у якасці гарніру. Бонус – кавалак хлеба. Піраміды напоўненага ежай посуду стаялі побач з празрыстай урнай для галасавання. Гэта не вельмі спадабалася Аляксею Янукевічу.

– Тут жа фотакарэспандэнты працуюць, што ў іх за фоткі атрымаюцца, нібыта людзі галасуюць за ежу. Развярніце скрыню ад абедзеннага стала, – папрасіў ён.

Калі казаць пра вынікі выбараў старшыні Партыі БНФ, дык сенсацыі не адбылося. У крэсла старшыні перасеў сумнавядомы Рыгор Кастусёў. Той самы, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года набраў, паводле афіцыйных звестак ЦВК, 1,97% галасоў выбаршчыкаў. Ягонымі намеснікамі сталі Аляксей Янукевіч, Алесь Стральцоў, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў і лідар маладзёжнай плыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч.

У якасці магчымых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта на бліжэйшых выбарах вылучылі Аляксея Янукевіча і юрыста Юрася Зянковіча, які з’яўляецца сябрам партыі, але пераважна жыве ў ЗША…