2 кастрычніка прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў зацвердзіў правілы карыстання кадзілам і лампадамі. Паводле нормаў прафілактыкі пажараў на аб’ектах рэлігійнага прызначэння, у алтары павінен знаходзіцца вогнетушыцель.

Жарты жартамі, але факт застаецца: культавыя збудаванні таксама гараць. Так, напрыклад, у 2017-ым годзе мы страцілі некалькі гісторыка-культурных збудаванняў, у тым ліку драўляны касцёл у Клюшчанах.

Насамрэч, да 2014 года ў заканадаўстве Беларусі нават быў асобны закон «Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для будынкаў і збудаванняў рэлігійных арганізацый».  Гэты закон быў прыняты ў 2004 годзе і меў 5 раздзелаў і 56 пунктаў. Там нават быў прапісаны інтэрвал, з якім трэба аглядаць супрацьпажарны пясок у скрыні.

Але з 2014 года прынялі адзіныя правілы для ўсіх. Таму ў нашых цэрквах пэўнай спецыфікі няма, што азначае ў тым ліку і абавязковую наяўнасць вагнетушыцеляў ва ўсіх храмах. Наконт таго, каб ён быў абавязкова ў алтары, у нашым законе нічога няма. Але ж у нас свой, асобны закон, які моцна вылучае храмы у супрацьпажарным законе. У 2016 годзе МНС Беларусі крыху змяніла правілы. У новай рэдакцыі забаранілі выкарыстоўваць у грамадскіх месцах адкрыты агонь. Выключэннем сталі храмы і культавыя ўстановы.

Нагадаем, што адпаведна з новымі правіламі, нельга ў рэстаране насіць і трымаць запаленую знічку, на канцэртах нельга запальваць запальнічкі…Карацей, калі вы падпальваеце ў кафэ цыгарэту, па факце вы парушаеце правілы супрацьпажарнай бяспекі.

Чаму выключэнні для храмаў? Тады МНС патлумачыла проста: там мала гаручых матэрыялаў, а высокая канцэтрацыя ўвагі ў наведвальнікаў дапаможа хутка заўважыць і адрэагаваць, калі раптам нешта пойдзе не так.