Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі форуму «Беларусь — краіна для бізнесу», арганізаванага 2 кастрычніка ў Мінску рэспубліканскім грамадскім аб`яднаннем «Перспектыва», перадае БелаПАН.

Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка заявіў, што на мерапрыемстве, якое мае адбыцца, будзе абмяркоўвацца стратэгія дзеянняў прадпрымальнікаў у залежнасці ад таго, наколькі ўлады выканаюць патрабаванні ІП па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу ў краіне. Ён адзначыў, што прадпрымальнікі могуць вырашыцца на забастоўку з пачатку 2018 года, калі ўлады праігнаруюць іх голас.

Свае патрабаванні прадстаўнікі малога бізнесу зафіксавалі ў выніковай рэзалюцыі форуму. Многія з іх ужо неаднаразова выказваліся і згадваліся ў аналагічных дакументах папярэдніх прадпрымальніцкіх форумаў «Перспектывы».

Так, у чарговы раз было прапанавана ўкараніць патэнтавую сістэму для ІП, якія займаюцца рознічным гандлем, гэта значыць, дазволіць ім плаціць фіксаваны збор у якасці альтэрнатыўнай формы падаткаабкладання, а таксама пазбавіць індывідуальных прадпрымальнікаў ад абавязку рабіць унёскі у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нерабочы перыяд.

Акрамя таго, прапануецца адмяніць для ІП, занятых у рознічным гандлі нехарчовымі таварамі, неабходнасць пацвярджаць адпаведнасць прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў, пераклаўшы гэты абавязак на юрыдычных асоб або ІП, якія вырабляюць гэтыя тавары ці з`яўляюцца іх першымі імпарцёрамі на тэрыторыю ЕАЭС.

У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра неабходнасць знізіць памер штрафаў і ўвесці забарону на адабранне і канфіскацыю ў ІП тавараў за парушэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці; змусіць арандадаўцаў усіх формаў уласнасці не павышаць арэндную плату для ІП больш, чым на паказчык інфляцыі; не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркіраванню; не распаўсюджваць на ІП патрабаванне па электронным тавараабароце ў межах будучага указа «Аб стварэнні нацыянальнай сістэмы прасочвання»; вырашыць праблему з нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі.

На форум 2 кастрычніка прыехалі 215 чалавек з Барысава, Брэста, Быхава, Віцебска, Гомеля, Гродна, Добруша, Ліды, Мінска, Магілёва, Мазыра, Маладзечна, Навагрудка, Асіповічаў, Петрыкава, Рэчыцы, Светлагорска і Слоніма.

Сустрэчу з прадпрымальнікамі наведалі чыноўнікі дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі, Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.