Андрэй КЛІМАЎ: “Жэрці трэба менш…”

6

Нагадаем, у сярэдзіне 1990-х Андрэй КЛІМАЎ уваходзіў у пяцёрку самых вядомых бізнесменаў Беларусі і быў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання.

З’яўляўся выдаўцом «Газеты Андрэя Клімава», аўтар 9 кніг. Пасля таго, як вырашыў стаць рэзкім апанентам улады, тройчы адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

– Амаль 12 гадоў я правёў у зняволенні, і ўсё гэта, безумоўна, моцна падарвала маё здароўе, – распавядае наш суразмоўца. – Таму зараз на першым месцы менавіта здароўе і сям’я. Акрамя таго, у жонкі ёсць невялікая справа, таму ёй таксама дапамагаю.

– Вы і самі былі досыць вядомым бізнесменам…

– Сёння ў мяне няма на гэта ні здароўя, ні сіл. Але ў той жа час аказваю фінансавыя кансультацыі тым прадстаўнікам бізнесу, хто ўжо працуе ў Беларусі, і даю парады тым, хто збіраецца рабіць інвестыцыі ў краіну. З гэтага і жыву.

– Палітыкай працягваеце цікавіцца?

– Я з’яўляюся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, таму часам выступаю з лекцыямі на некаторых партыйных мерапрыемствах. Акрамя таго, яшчэ ў 2010 годзе ўступіў у рух “За свабоду”, браў удзел у якасці назіральніка ў некаторых выбарчых кампаніях. Напэўна, гэтым мой удзел у палітычным жыцці краіны і абмяжоўваецца.

– А самому чаму б не вылучыць сваю кандыдатуру на нейкіх выбарах?

– З пункту гледжання палітыка гэта было б цікава. З пункту гледжання сітуацыі са здароўем – відаць, мой час удзелу ў такіх палітычных кампаніях ужо прайшоў. Усё-такі гэта справа для больш здаровых людзей, чым я. Няхай моладзь спрабуе сілы.

– Вы ў маладосці нават рэвалюцыю збіраліся ажыццявіць. Аналізавалі ўжо свае памылкі?

– А ў мяне ўсё атрымалася, бо біяграфія ж адбылася. Я зрабіў тое, што хацеў, – стаў чалавекам, да якога прыслухоўваліся і ўлада, і народ. І шчыра вам скажу: пры жаданні нават сёння мог бы вывесці на вуліцу і 100 тысяч чалавек, і нават мільён. Але ў мяне няма такога жадання. Беларусы не саспелі для гэтага, вопыт апошніх гадоў паказаў, што яны яшчэ не гатовы да дэмакратыі. У той жа час сёння мая задача – паказаць людзям, што перамены зробяць іх багацейшымі. Я людзей рыхтую да гэтага псіхалагічна…

– Якім чынам рыхтуеце?

– Праз кансультацыі, інтэрв’ю, удзел у сімпозіумах. Я актыўна працую з электаратам, мне нескладана, напрыклад, пайсці на рынак, каб там адсочваць кошты і настроі народа. Многія людзі злыя на ўладу, але я чакаю, калі яны ў першую чаргу пачнуць злавацца на сябе і шукаць недахопы ў сабе. У нас жа многія, як толькі прыходзяць да ўлады, самі становяцца маленькімі дыктатарамі. Таму, перш чым некага крытыкаваць, на сябе паглядзіце!

– Наколькі зразумеў, у вас няма жадання ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах?

– Я ж ужо казаў, што здароўе не тое. Прастудзішся – дык не ведаеш, ці дажывеш да наступных выхадных. А вы кажаце пра такія далёкія планы…

– Ведаю, што раней вы тэнісам захапляліся. А зараз фізічную форму падтрымліваеце?

– Я вяду максімальна здаровы лад жыцця. Рэгулярна бегаю, раніцай раблю зарадку, вечарам – прагулкі.

Відаць, часы, якія правёў за кратамі, не прайшлі бясследна, таму, магчыма, з-за парушэння абмену рэчываў з’явіўся варыкоз. Давялося скінуць амаль 10 кілаграмаў вагі, і зараз адчуваю сябе значна лепш.

– На дыету перайшлі?

– Ад масла поўнасцю адмовіўся, вячэру зменшыў амаль у тры разы… І хачу сказаць, што калі вам ужо за 50 гадоў, то ўжыванне мяса нанач таксама трэба абмяжоўваць. Увогуле, неабходны баланс фізічных нагрузак і ежы. І, як казала ў свой час Мая Плісецкая: “Трэба менш жэрці”. Вось іпрыслухоўваюся да гэтай парады.

Поделиться ссылкой: