— У чэмпіянаце камандам засталося згуляць шэсць тураў, і фініш абяцае быць неверагодна цікавым і інтрыгуючым, — аналізуе сітуацыю Валерый Мельнікаў. — Зараз першы радок у турнірнай табліцы пакуль займае салігорскі “Шахцёр”, але нязменны чэмпіён апошніх гадоў барысаўскі БАТЭ, што называецца, дыхае ў спіну. Барысаўчане адстаюць ад “Шахцёра” ўсяго на 2 ачкі, таму ўся барацьба за “золата” яшчэ наперадзе. Ды і мінскае “Дынама”, якое знаходзіцца на трэцім месцы (чатыры ачкі адставання ад лідара і два ачкі — ад БАТЭ), нельга выкрэсліваць з ліку прэтэндэнтаў на залатыя медалі.

Шмат у чым вырашальным будзе матч наступнага тура (14 кастрычніка) паміж сталічнымі дынамаўцамі і “Шахцёрам”. Мінчане напярэдадні прайгралі барысаўчанам (0:1), таму адназначна будуць змагацца з гарнякамі толькі за перамогу. Так што ўжо пасля наступнага тура турнірны расклад тройкі лідараў можа кардынальна змяніцца. Дарэчы, менавіта гэтыя тры каманды і разыграюць медалі, не думаю, што нехта можа скласці ім канкурэнцыю.

— Раней БАТЭ за некалькі тураў да фініша першынства “афармляў” чэмпіёнства…

— Адно магу сказаць — для балельшчыкаў добра, калі інтрыга захоўваецца да апошняга. Хіба цікава, калі, напрыклад, ужо за пяць тураў вядомы чэмпіён?

— А ў каго, на ваш погляд, найбольшыя шанцы на залатыя медалі?

— БАТЭ зараз знаходзіцца на пад’ёме, таму фаварытам, відаць, варта лічыць менавіта барысаўскую каманду. Але ж трэба ўлічваць, што барысаўчане змагаюцца на два франты — яны гуляюць яшчэ і групавыя матчы Лігі чэмпіёнаў, якія таксама забіраюць шмат фізічных і маральных сіл у футбалістаў. Таму пытанне: ці хопіць у іх гэтых самых сіл, каб на ўзроўні весці барацьбу і там, і там? Час пакажа…