Гэта падзея нечаканай не стала. Хутчэй, наадварот, дзіўна, што яна не адбылася раней, бо курды – буйнейшы ў свеце народ без дзяржавы, які раскіданы па тэрыторыі чатырох краін Блізкага Ўсходу (Ірак, Іран, Турцыя, Сірыя) і мае вялікую дыяспару ў Еўропе.

Колькі ўсяго налічваецца курдаў, дакладна невядома. Ніводная з тых краін этнічнага перапісу ніколі не праводзіла, бо цьмянасць у гэтым пытанні цалкам задавальняе іх урады. Найболей праўдападобныя ацэнкі сведчаць аб 15 мільёнах у Турцыі, 7-8 у Іране, 6-6,5 у Іраку. У Сірыі парадку 1-2 мільёнаў, прычым 800 000 з іх не маюць грамадзянства і змушаны весці нелегальнае існаванне. У Еўропе і Ізраілі – ад 1,5 да 2 мільёнаў. Такім чынам, можна казаць прыкладна пра 32-33 мільёны.

Распыленасць курдаў дазваляе сцвярджаць, што такога народу нібыта не існуе. Але з улікам усяго таго, што ім прыйшлося перажыць з канца Першай сусветнай вайны (асіміляцыя і нават генацыд у Іраку, забарона на вывучэнне мовы і г.д.), калі б курды не былі народам, яны б ужо даўно зніклі, і ніякага «курдскага пытання» не было б.

Яшчэ адзін аргумент супраць – маўляў, Курдыстана ніколі не існавала. Сапраўды, у ХХ стагоддзі, пасля падзелу Асманскай імперыі, ён не меў статусу нацыянальнай дзяржавы, аднак у сярэднявеччы былі незалежныя ці паўнезалежныя курдскія княствы.

Таму імкненне большасці курдаў да незалежнасці цалкам абгрунтаванае, яны адпавядаюць усім неабходным для гэтага крытэрам (тэрытарыяльная пераемнасць, мова, культура, гісторыя). Нарэшце, права народаў на самавызначэнне замацавана ў Арт. 1 і 55 Статуту ААН, а таксама ў Арт. 1 абодвух пактаў ААН аб правах чалавека.

І вось 25 верасня Іракскі Курдыстан правёў рэферэндум аб незалежнасці ад Ірака, удзел у якім прынялі больш за 3,3 млн чалавек (яўка склала 77%). Згодна з папярэднімі вынікамі, за аддзяленне прагаласавалі больш за 93% прыйшоўшых. Тым не менш, супраць незалежнасці курдаў выступілі Ірак, Турцыя, Іран, ЗША і арабскія дзяржавы.

Канешне, ад Багдаду нельга было чакаць іншага: аддзяленне азначае для яго страту не проста кавалка краіны, а больш паловы вуглевадародных рэсурсаў. Больш за тое, лічыцца, што Курдыстан ёсць адным з нешматлікіх рэгіёнаў у свеце, дзе ўсё яшчэ магчымыя адкрыцці буйных радовішчаў. Тэгеран жа і Анкара небеспадстаўна асцерагаюцца распаўсюджання сепаратызму на ўласныя тэрыторыі.

Таму прэм’ер-міністр Ірака Хейдар аль-Абадзі не выключаў ваеннага ўмяшання, калі запланаваны рэферэндум прывядзе да эскалацыі гвалту. Аднак усё прайшло мірна. Да таго ж прэзідэнт Іракскага Курдыстану Масуд Барзані яшчэ напярэдадні дня галасавання абвесціў, што для рэалізацыі вынікаў плебісцыту ён гатовы да доўгатэрміновых перамоваў.

Кіраўнік турэцкага ўраду Біналі Йылдырым заявіў аб магчымасці ўвядзення санкцый: нафта з Курдыстану экспартуецца праз Турцыю, і абмежаванні могуць прывесці да сур’ёзных эканамічных стратаў. Праўда, эксперты перакананыя, што нават калі Анкара і зрабіць нешта такога кшталту, санкцыі будуць мець выключна дэманстратыўны характар, паколькі прыватны турэцкі бізнэс зусім не зацікаўлены згубіць такі вялікі рынак.

Што ж тычыцца Злучаных Штатаў, дык яны занепакоеныя тым, што курдскі рух за незалежнасць перашкодзіць кампаніі супраць “Ісламскай дзяржавы”. Акрамя таго, ён стварае пагрозу пазіцыям згаданага прэм’ер-міністра Ірака, якога Вашынгтон падтрымлівае.

На жаль, ЗША забыліся на ўласную гісторыю. Тым больш, што калі амерыканскіх асаднікаў з Вялікабрытаніяй аб’ядноўвалі культура і мова, дык курды былі і заўсёды будуць аддзеленыя ад Ірака ўсімі тымі рэчамі, якія звычайна аб’ядноўваюць народы.

Безумоўна, памятаючы цяжкасці, што сталі вынікам утварэння Дзяржавы Ізраіль, Захад баіцца сутыкнуцца з новымі праблемамі ў рэгіёне. Але яны ўсё роўна застануцца і будуць толькі ўскладняцца якраз таму, што свет не можа прыняць адзінае правільнае рашэнне.

Пытанне стварэння курдскай дзяржавы непазбежна паўстане пасля разгрому ІД. І міжнароднай супольнасці ўсё адно прыйдзецца выбіраць – выконваць міжнародныя нормы ці працягваць іх дыскрэдытацыю.