Пробны перапіс будзе праводзіцца з 2 па 13 кастрычніка: жыхары Маладзечна і Маладзечненскага раёна змогуць адказаць на пытанні дома з дапамогай супрацоўнікаў статыстычнага камітэта – супрацоўнік мусіць мець пры сабе адпаведна аформленыя дакументы – або ў спецыяльных абсталяваных месцах. Упершыню перапіс насельніцтва пройдзе без выкарыстання папяровых дакументаў: супрацоўнік статыстычных органаў будзе запаўняць праз планшэт электронны вэб-дакумент.

Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жанна Васілеўская паведаміла, што для правядзення перапісу будзе задзейнічана 40 супрацоўнікаў з органаў дзяржаўнай статыстыкі. Плануецца апытаць 15 тысяч чалавек, або 2% жыхароў Маладзечненскага раёна. Хатнія гаспадаркі для ўдзелу ў перапісе былі выбраны наўгад, усе ўдзельнікі атрымалі інфармацыйныя лісты з пазначанымі датамі перапісу.

Пробны перапіс праводзіцца з мэтай тэставання новай сістэмы апытання насельніцтва перад агульнанацыянальным перапісам, які адбудзецца ў 2019 годзе. Маладзечненскі раён выбраны тэставай пляцоўкай не выпадкова – ён найбольш адпавядае агульным паказчыкам сацыяльна-эканамічнага развіцця па краіне. Звесткі пробнага перапісу збіраюцца выключна ў статыстычных мэтах і публікавацца не будуць.