Ні для кога не сакрэт, што ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, не маючы сваёй палітычнай каманды ў Беларусі. Пры ўсёй павазе да асабістых здольнасцяў Віктара Шэймана, Івана Ціцянкова, Леаніда Сініцына або Віктара Кучынскага ніхто з сур’ёзных аналітыкаў не бачыў сярод іх палітычных цяжкавагавікоў, здольных на той момант прывесці да найвышэйшай улады хоць каго-небудзь. Зрэшты, такіх людзей не было ў камандах іншых тагачасных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду – можа быць, з выняткам Вячаслава Кебіча, які, аднак жа, даверыўся не тым асобам.

Так ці інакш, прэзідэнтам тады стаў Аляксандр Лукашэнка, і ў кулуарах Вярхоўнага Савета 12-га склікання, а таксама ва ўрадзе і сілавых структурах (магу спаслацца тут на меркаванні генерала Яўгена Бачарова, які ў 1994 годзе ўзначальваў пагранічныя войскі краіны) дзе шэптам, дзе паўшэптам, а дзе адкрыта казалі, што новаабранаму прэзідэнту няма іншага выйсця, як шукаць палітычнага апірышча ў Маскве. Нагадаю пра далейшы шэраг палітычных падзей. Увесну 1995 года Лукашэнка ініцыіруе правядзенне рэферэндуму, дзе галоўнымі пытаннямі вызначаюцца фактычнае знішчэнне дзяржаўнага статусу беларускай мовы (пад выглядам “двухмоўя”) і скасаванне гістарычнай дзяржаўнай сімволікі. Каму ў той час у Беларусі, калі краіна знаходзілася ў жахлівым эканамічным крызісе, маглі перашкодзіць мова і сімвалы, ды так, што трэба было знайсці немалыя сродкі на адпаведную прапаганду і правядзенне нятаннага мерапрыемства? Пытанне рытарычнае – пагатоў у той час, прыходзячы на парламенцкія пасяджэнні беларускі кіраўнік быў шчыры і амаль у адкрытую намякаў камуністычнай большасці, што самыя цяжкія пытанні ў яго ўзгоднены з Масквой… Пры гэтым толькі там, у Расіі, некаторыя палітыкі публічна падтрымалі жорсткае збіццё проста ў парламенцкай зале беларускіх апазіцыйных дэпутатаў, якія пратэставалі супраць працэдуры прызначэння такога рэферэндуму.

Праблема для Аляксандра Лукашэнкі ў першыя гады яго кіравання, аднак,  палягала ў тым, што ў Расіі прэзідэнцкую пасаду займаў Барыс Ельцын, у акружэнні якога яшчэ былі людзі з неімперскімі і адносна дэмакратычнымі перакананнямі. Сітуацыя пачала мяняцца ў 1996 годзе, калі ў Ельцына пасля перанесенай цяжкой хваробы ўзніклі сур’ёзныя праблемы з тым, каб пераабрацца на новы тэрмін. З таго часу, на мой погляд, Аляксандр Лукашэнка знайшоў нарэшце пастаянную апору ў расійскіх палітычных колах, у выглядзе Камуністычнай партыі Расіі на чале з Генадзем Зюганавым. Пэўнай перашкодай напачатку было тое, што кіраўнік беларускіх камуністаў, таксама лаяльны да Зюганава Сяргей Калякін, з’яўляючыся дэпутатам парламента, паступова пераходзіў у апазіцыю да антыпарламенцкага паводле сваёй сутнасці рэжыму. Але з дапамогай чарговага рэферэндуму (24 лістапада 1996 г.) беларускі прэзідэнт пазбавіўся ад фракцыі парламенцкіх камуністаў і – скажам мякка – паспрыяў стварэнню канчаткова прапрэзідэнцкай камуністычнай партыі (КПБ) на чале з Віктарам Чыкіным. Камуністычная партыя Расійскай Федэрацыі паступова скідвала маскі, пераходзіла да адкрытага апраўдання сталінізму і імперскай палітыкі ў дачыненні да ўсіх суседніх краін і, натуральна, усяляк падтрымлівала КПБ. Узамен за лабіраванне камуністамі сваіх інтарэсаў у Маскве Аляксандру Лукашэнку таксама даводзілася эвалюцыянаваць. Для імперцаў найбольшай пагрозай заўсёды была іншая нацыянальная самасвядомасць жыхароў якой заўгодна краіны – таму ў Беларусі, натуральна, ім трэба было атрымаць перамогу ў адукацыі і СМІ, найперш электронных. Другое пытанне вырашалася адносна лёгка: маргіналізаваць свае СМІ і дазволіць бесперашкодную рэтрансляцыю расійскіх імперскіх каналаў на Беларусь можна было лёгка рукамі самога беларускага кіраўніка. З адукацыяй усё было больш складана: у яе сістэме, пачынаючы з міністэрства, працавала нямала людзей, якім было цяжка давесці, навошта трэба душыць усё жывое беларускае… Выглядае, што Масква была гэтым пастаянна незадаволеная – нават калі ўсе беларускамоўныя бацькі апынуліся ў дыскрымінаваным стане, нават калі колькасць школ з беларускай мовай навучання стала меншай за тую, што існавала ў савецкія часы. У апошнія гады ўсё мацней пачаў гучаць голас беларускай інтэлігенцыі: чаму 10-мільённая дзяржаўная нацыя так і не мае аніводнага ўніверсітэта, дзе выкладанне вялося б на адной з дзвюх афіцыйна прызнаных дзяржаўных моў? Міністэрства культуры, хоць і з вялікай бояззю і асцярожнасцю, звярнула ўвагу на нялюбую для камуністаў-сталіністаў тэму Курапатаў. Мяркую, што ўсё гэта пачало сур’ёзна трывожыць таварыша Зюганава і Ко. Псаваць з імі адносіны ў час, калі наўпроставая эканамічная дапамога з Масквы стала няўхільна скарачацца, сённяшні рэжым аказаўся няздольны. І вось сёлета мы бачым наступны ланцужок падзей: міністрам адукацыі прызначаецца кіраўнік КПБ Ігар Карпенка, які і не хавае сваёй падначаленасці “таварышам з Расіі”; пазней у Мінск два разы прыязджае сам Генадзь Зюганаў, публічна хваліць беларускага прэзідэнта за рэтрансляцыю расійскіх афіцыёзных тэлеканалаў, рукаецца з Ігарам Карпенкам. Праз кароткі час сваё крэсла губляюць непалітызаваныя рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка і міністр культуры Барыс Святлоў… Месца першага займае Андрэй Кароль, які перад гэтым праславіўся сваімі саступкамі “русскому миру” на пасадзе рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (узгадайма скандальнае звальненне ў яго бытнасць шэрагу аўтарытэтных гродзенскіх гісторыкаў). Трэба мець на ўвазе, што імперскія сілы заўсёды важнае значэнне надавалі і надаюць таму, каб “меціць сваю тэрыторыю” – нездарма ўладыка Патрыярх Кірыл любіць прыязджаць у Брэст, а разгром гістарычнага факультэта адбыўся менавіта ў Гродне. Аднак прадоўжым пра ланцужок нядаўніх падзей: звернем увагу на тое, што на месца Барыса Святлова ў міністэрства культуры прыходзіць змагар з “сусветным глабалізмам” прарасійскі палітолаг Юрый Бондар. Усё гэта, заўважым, адбываецца ў тыя дні, калі на Беларусі пад выглядам вайсковых манеўраў знаходзяцца расійскія войскі.

Наколькі такія рашэнні прымаліся беларускім кіраўніком самастойна, можа меркаваць сам чытач. З іншага боку, ва ўладзе разумеюць, што калі, вобразна кажучы, яйкі класці ў адзін кош, то неўзабаве можна будзе проста афіцыйна “запрашаць на царства” таварыша Зюганава і ягоную верную запаветам таварыша Сталіна каманду. Толькі так можна тлумачыць тое, што на апошнім тыдні быў дадзены ўладны дазвол атрымаць юрыдычны адрас для беларускамоўнага прыватнага ўніверсітэта, а на фармальна высокія пасады прызначылі беларускамоўнага літаратара Алеся Карлюкевіча, які стаў (пакуль што) міністрам інфармацыі, і полацкага археолага і гісторыка Дзяніса Дука, які будзе (ці доўга?) працаваць рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пра тое, наколькі стасуюцца прызначэнні рэктараў ВНУ палітычнымі кіраўнікамі краін з прынцыпамі Сарбонскай і Балонскай дэкларацый я тут прамаўчу, бо, відаць, іншай мадэлі для беларусаў у Маскве папросту не ўхваляюць…