Пакуль што невядома, ці стварыла Каталонія прэцэдэнт, але афіцыйны Мадрыд ужо выклікаў на сябе хвалю абурэння ў медыях праз несувымерную агрэсію праваахоўных органаў у дачыненні да каталонцаў.

У дзень выбараў паліцыя блакавала выбарчыя ўчасткі і забірала урны з бюлетэнямі, аднак ужо апоўдні каталонскія ўлады заявілі пра перавышэнне 50% яўкі выбаршчыкаў. Усяго былі блакаваны 92 участкі, але выбаршчыкі мелі магчымасць прагаласаваць на любым іншым участку.

У шэрагу выпадкаў паліцыя прымяніла гвалт супраць выбаршчыкаў і дэманстрантаў, ужываючы кулі і слезацечны газ. Лічба пацярпелых да вечара перавысіла 800 чалавек, у тым ліку 12 паліцэйскіх.

Прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой назваў рэферэндум незаконным, але заявіў аб гатоўнасці весці перамовы з кіраўніцтвам аўтаноміі.

Кіраўнік аўтаноміі Карлас Пучдэмонт заявіў, што ўчора каталонцы адваявалі сваё права на незалежнасць ў форме рэспублікі, і паабяцаў перадаць вынікі рэферэндума Каталанскаму парламенту, каб той мог дзейнічаць далей згодна з законам аб рэферэндуме, перадае Бі-бі-сі.

Паводле папярэдніх дадзеных, яўка склала 42,3% — прагалсавалі 2,3 з 5,3 мільёнаў выбаршчыкаў. 90% прагаласавалі за выхад Каталоніі са складу Іспаніі, 7,8% супраць, 2% бюлетэняў аказаліся пустымі, і каля 0,9% прызнаны несапраўднымі.