Як паведаміла “Радыё Свабода”, у Цэнтральным раённым судзе разглядалася справа Паўла Севярынца за акцыю 8 верасня ў Мінску. Севярынец дамогся вядзення працэсу па-беларуску і заклікаў суддзю вынесці апраўдальнае рашэнне, бо, паводле Севярынца, «гэта здзек з Канстытуцыі — судзіць за заклікі бараніць незалежнасць». Таксама Севярынец паведаміў суду, што ўдзельнікі мітынгу 8 верасня патрабавалі вызваленьня палітвязняў, што «ёсць справай гонару сумленных грамадзян».

Вынік быў прадказальны – суддзя Іван Касцян асудзіў Паўла Севярынца на 15 сутак ў СІЗА на Акрэсціна.

Таксама сёння ў Цэнтральным раённым судзе аштрафавалі на 50 базавых велічыняў актывіста Алеся Абрамовіча з Барысава. Ужо вядома, што на 15 сутак арышту асудзілі Андрэя Шарэнду і на 7 сутак – Наталлю Папкову з Брэста. Вынікі суду над Уладзімерам Няпомняшчых з Гомеля пакуль невядомы.

Нагадаем, што за акцыю 8 верасня ужо адседзеў 7 сутак арышту Уладзімір Някляеў, якога звезлі на суд проста па дарозе ў паліклінку. А 26 верасня на 5 сутак арышту асудзілі Мікалая Статкевіча. Прытым што сам палітык на судзе не прысутнічаў, бо знаходзіўся пад 15-суткавым арыштам на Акрэсціна за вулічную акцыю 3 ліпеня. Жонка палітыка Марына Адамовіч паведамляла, што адвакат Статкевіча, правёўшы шэсць гадзін каля  Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, так і не атрымаў дазволу сустрэцца са сваім падабаронным.

Таксама на мінулым тыдні актывісты Вячаслаў Сіўчык і Антось Жылка атрымалі грашовыя штрафы. Усяго, паводле дакумэнтаў з Цэнтральнага РАУС, за мітынг 8 верасня могуць пакараць больш за 20 актывістаў.