У таемным галасаванні на з’едзе узялі ўдзел 163 чалавекі; адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным.

Нагадаем, што раней паведамлялася пра пяць кандыдатур на пасаду старшыні БНФ. Два кандыдаты – Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў былі вылучаны партыйнымі арганізацыямі, але Ігар Лялькоў заявіў пра самаадвод. Усяго ў бюлетэні на галасаванні было шэсць кандыдатур.

Як паведамляе БелаПАН, за Кастусёва прагаласавалі 107 дэлегатаў, за старшыню Наваполацкай раённай арганізацыі Вольгу Дамаскіну – 32, за прадпрымальніка Іллю Дабратвора – 11, за бізнэсмэна Васіля Астроўскага – 7, за прадпрымальніка Алеся Таўстыку і магілёўскага актывіста Аляксандра Страха было аддадзена па два галасы.

Папярэдні старшыня БНФ Аляксей Янукевіч не мог вылучаць сваю кандыдатуру, бо статут забараняе  аднаму чалавеку займаць пасаду старшыні больш як два тэрміны запар.

Намеснікамі старшыні партыі былі абраны Аляксей Янукевіч, Алесь Стральцоў, Вадзім Саранчукоў, Дзмітрый Саложкін і Юрый Лукашэвіч.

Рыгор Кастусёў з’яўляўся намеснікам старшыні Партыі БНФ з 2009 года. На прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Кастусёў быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл; на выбарах 2010 года быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта, набраўшы, паводле афіцыйных звестак, 1,97% галасоў.