– Мы другі раз спрабуем зарэгістраваць арганізацыю, – распавядае сайту “Народнай Волі” старшыня руху Вольга Кавалькова. – Па сутнасці, гэта не палітычная партыя, гэта грамадская арганізацыя. Плануецца, што Сацыяльна-хрысціянскі рух будзе займацца сацыяльнымі кампаніямі, падтрымкай беларускай мовы, умовамі ўтрымання ў месцах зняволення, антыалкагольнымі праблемамі.

Адзначу, што мы ўсё робім паводле закону. Быў праведзены ўстаноўчы сход, на ім абрана кіраўніцтва руху. Пакет дакументаў быў адпраўлены ў Міністэрства юстыцыі. Адтуль прыйшла адмова. Сацыяльна-хрысціянскі рух не зарэгістравалі на той падставе, што ў дакументах не быў пазначаны нумар кабінета, дзе ён будзе размяшчацца. Калі я спрабавала апеляваць, паказваючы статуты іншых, зарэгістраваных арганізацый, дзе таксама няма такой інфармацыі, адказ быў такі: гэта не прэцэдэнтнае пытанне.

– Той хіб вы выправілі і адправілі дакументы на рэгістрацыю ў другі раз?

– Так, але Мін’юст ізноў знайшоў парушэнні: у адной з заснавальніц руху няправільна было ўказана імя па бацьку. Прычым прадстаўнікі Мін’юста тэлефанавалі гэтай жанчыне, яна пацвердзіла сваё жаданне быць заснавальнікам і сябрам Сацыяльна-хрысціянскага руху, але гэта на сітуацыю не паўплывала. Нам не вярнулі дакументы, каб мы маглі выправіць гэты хіб. У Міністэрстве юстыцыі адказалі, што не павінны гэта рабіць паводле закону. Таму справа і дайшла да Вярхоўнага суда.

– Чаго вы чакаеце ад разгляду скаргі?

– Хацелася б, каб усё было ў рэчышчы здаровага сэнсу. Але, хутчэй за ўсё, нас не зарэгіструюць. Справа ў тым, што я брала ўдзел у дасудовай сустрэчы. Сядзелі ўтрох – суддзя, які вядзе справу, прадстаўнік Міністэрства і я. Мін’юст па-ранейшаму настойвае на сваім: маўляў, законных падстаў для рэгістрацыі Сацыяльна-хрысціянскага руху няма. А мы ж ведаем, у якой краіне жывём: пры жаданні дзяржаўная рэгістрацыя выдаецца арганізацыям і рухам у лічаныя дні, а калі такога жадання “наверсе” няма, то будуць прыдумвацца розныя падставы, каб адмовіць у рэгістрацыі. У любым выпадку – будзем змагацца.