А сёлета, дзякуючы той тройцы паэтаў і высілкам мясцовага краязнаўцы Валерыя Петрыкевіча, у Зачэпічах прайшоў абласны паэтычны фестываль – з удзелам гасцей з усіх валасцей. І пісьменнікаў наехала, і бардаў, і школа мясцовая падцягнулася, і вяскоўцы павылазілі з гародаў, на бульбу часова забыўшыся. Адным словам, усё прайшло хораша, а зачэпічане пры развітанні так нам і гаварылі бадзёра: “Цяпер наша вёска будзе жыць!”

Тапанімічны дурдом
Удзельнікі паэтычнага фестывалю – з Гродна, Слоніма, Дзятлава…

Фестываль пагудзеў і з’ехаў, пакінуўшы пасля сябе не толькі светлае рэха, што доўга заціхала ў лагодных абдымках бабінага лета. У вёсцы пасля фестывалю засталася – вуліца. Імя аднаго з тых трох – Петруся Граніта. Старшыня мясцовага сельсавета Валерый Верамейчык прыйшоў на свята з гатовай шыльдай і ў адпаведны момант уласнаручна прымацаваў яе на адзін з дамоў. І гэта мяне ў тых Зачэпічах зачапіла як нішто іншае.

Тапанімічны дурдом
Старшыня Жукоўшчынскага сельсавета Валерый Верамейчык абвяшчае – вуліцы Граніта быць!

З уласнай практыкі ведаю, як складана ў нашых гарадах і мястэчках назваць вуліцу імем беларускага пісьменніка. У свой час мы з сябрамі збіралі подпісы на вуліцы Савецкай у Гродне, каб там з’явілася вуліца Васіля Быкава. З другімі сябрамі мы абышлі ўсю вуліцу Савецкую ў Зэльве, і амаль усе яе жыхары выказалі жаданне жыць на вуліцы Ларысы Геніюш. Ведаю, што падобная ініцыятыва мела месца ў Белаазёрску, дзе гараджане хацелі б назваць адну з вуліцаў у гонар сваёй слаўнай зямлячкі Ніны Мацяш. А ва Ушачах і Лагойску мясцовыя актывісты спрабавалі гэткім жа чынам ушанаваць памяць Народных паэтаў Беларусі Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча. Ва ўсіх пералічаных выпадках вынік быў нулявым.

А тут прыйшоў старшыня сельсавета, стукнуў-грукнуў малатком і – вуліца ёсць. Зразумела, што пасля ўрачыстасці я падышоў да яго распытацца, у якіх высокіх кабінетах ён атрымаў дазвол на тую шыльду. Аказалася, ніякіх дазволаў і ўзгадненняў па вертыкалі не патрабуецца. Дэпутаты сельсавета прагаласавалі, і справа была вырашаная. Праўда, іх рашэнне мусіла пацвердзіць раённая тапанімічная камісія, але гэта хутчэй фармальнасць.

Карацей, вяртаўся я ў Мінск з назойлівым пытаннем у галаве: калі ўсё так проста, то чаму ўсё так складана? Чаму і з Гродна, і з Зэльвы, і з Белаазёрска, і з Ушачаў, і з Лагойска ў лепшым выпадку прыходзілі аднолькава несуцяшальныя адказы – немэтазгодна, няма грошай, пытанне патрабуе вывучэння і г.д. У горшым выпадку тамтэйшыя ўлады проста адмаўчаліся.

Мільёны беларусаў жывуць сёння на праспектах і вуліцах, названых у гонар людзей, якія да Беларусі не мелі ніякага дачынення, альбо ўвогуле рабілі ўсё магчымае, каб гэтай самай Беларусі на карце не існавала. Сувораў, Мяснікоў, Ландар, Свярдлоў, Берсан, Фрунзе, Куйбышаў, Урыцкі, Роза Люксембург… Імя ім – легіён. Штодня мільгаючы перад вачыма, іх імёны незаўважна ўносяць разлад у наш беларускі соцыум, у свядомасць маладога пакалення, якому ў такіх абставінах цяжка разабрацца, хто ў нашай гісторыі герой, а хто антыгерой.

На метафізічным узроўні вуліцы ў нас “ваююць” паміж сабой, як ваявалі б людзі з вулічных шыльдаў, калі б раптам уваскрэслі. Вуліца Каліноўскага “абвяшчае вайну” вуліцы Суворава, вуліца Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага) – вуліцы Мяснікова, вуліца Пушкіна скоса пазірае на вуліцу Міцкевіча…

У нас не гарадская тапаніміка, а хутчэй ТАПАМІМІКА: вуліцы нема крычаць і крывяцца, і іхні невідочны антаганізм правакуе выкіды агрэсіі ў рэальны свет.

Даходзіць да абсурду – у Брэсцкай вобласці ў нас у наяўнасці вуліца і музей Касцюшкі – кіраўніка антырасійскага паўстання, і некалькі вуліцаў і музей Суворава, які тое паўстанне задушыў. Гэта ўжо не талерантнасць наша славутая, гэта больш падобна на чэхаўскую палату №6.

Што праўда, на адну вуліцу Суворава на той жа Брэстчыне стала меней. Жыхары вёскі Малыя Круговічы, што ў Ганцавіцкім раёне, неяк сабраліся і пераназвалі вуліцу расійскага генералісімуса ў гонар свайго земляка паэта Віктара Гардзея. Прыжыццёва. На жаль, гэта не стала прыкладам для другіх рэгіёнаў. Немэтазгодна, няма грошай… Ці проста там талковых кіраўнікоў мясцовых саветаў не знайшлося?

Тапанімічны дурдом
Была вуліца Суворава – стала Віктара Гардзея. Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна.

Сярод буйных беларускіх гарадоў найбольш недарэчная сітуацыя з назвамі вуліцаў назіраецца ў Віцебску, які прэтэндуе на статус культурнай сталіцы, штолета ладзячы ў сябе вядомы “Славянскі базар”.

Уявіце сябе госцем гэтага фестывалю. Раніцай вы выйшлі з гатэля і вырашылі пашпацыраваць па горадзе. Перайшлі Лучосу па мосце Шмырова, звярнулі на вуліцу Сенненскую, потым – на першую вуліцу Крупскай, другую Крупскай, трэцюю Крупскай, чацвёртую Крупскай, пятую Крупскай, шостую Крупскай, сёмую Крупскай, восьмую Крупскай, дзявятую Крупскай, дзясятую Крупскай і адзінаццатую ўсё той жа Крупскай.

Гэта не пласцінку заела, гэта перад вамі – віцебскі вулічны лабірынт, названы ў гонар удавы правадыра сусветнага пралетарыяту Надзеі Крупскай.

Як гэта растлумачыць? З якога такога бадуна Віцебскі гарсавет у свой час аддаў пад гэтую мадам ажно адзінаццаць вуліцаў? Бо цвярозай галавой да такой “тапамімікі” дадумацца немагчыма, будзь ты хоць тройчы камуніст і пажыццёва верны ленінец.

Думаеце, да адной Крупскай у Віцебску гэткае звышпашанлівае стаўленне? Ды не. У горадзе над Дзвіной пяць вуліцаў носяць імя Свярдлова, чатыры – Валерыя Чкалава, тры – Бебеля, тры – Чарнышэўскага, дзве – Фрунзе… І гэта пры тым, што ніводная з пералічаных асобаў праз Віцебск нават не праязджала!

Госці “Славянскага базару” мусяць узбройвацца спадарожнікавымі навігатарамі, каб не заблукаць на пяці вуліцах Сацыялістычных, трох Кастрычніцкіх, чатырох Саўгасных, трох Першамайскіх і дзвюх Пралетарскіх. А ў каго ад такой “тапамімікі” ўсё ж паедзе дах – да ягоных паслугаў ажно восем вуліцаў Клінічных…

Мабыць, падобнага дурноцця нідзе ў свеце няма. І ад яго старажытнаму гораду трэба неяк пазбаўляцца. Скіньце мяне з моста ў Дзвіну, але я ўсё роўна не зразумею, навошта ў Віцебску тры вуліцы Шэвардзінаўскія, чатыры – нейкага Азіна, пяць Лужаснянскіх, шэсць Палярных, сем Стадыённых, дзевяць Задарожных, дзесяць Лугавых і ажно чатырнаццаць Лучосных?

І ўсё гэта не на ўскраіне, а фактычна ў цэнтры горада!

І гэта ў той час, калі ў Віцебску ніяк не ўшанаваная памяць славутых землякоў – Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

Летась на вечарыне памяці Бураўкіна ў Віцебскай абласной бібліятэцы я публічна звярнуўся да прысутнай там Народнай артысткі і дэпутаткі Святланы Акружной – паспрыяйце. У адказ (ужо ў кулуарах) пачуў: “Ой, это так сложно…”

А што ж тут складанага, шаноўная дэпутатка і паважаны віцебскі гарсавет? Вазьміце вуліцу Крупскай (адну з адзінаццаці) і надайце ёй імя Быкава. Забярыце адну з трох вуліцаў у Бебеля і аддайце Барадуліну. А адна з пяці вуліцаў Свярдлова няхай атрымае імя Бураўкіна. Ну, калі ўжо перайменаваць адзіныя ў горадзе Маскоўскі праспект і вуліцу газеты “Праўда” ў вас рука не падымаецца.

Паноўная на віцебскіх вуліцах тапанімічная бязглуздзіца адназначна не прыносіць гораду добрай славы, наадварот, выклікае насмешкі ў тых жа наведнікаў “Славянскага базару”. Як нябачаны нідзе ў свеце ўзор рабалепства перад усім чужым. Як няўцямная для нармальнага чалавека “тапаміміка” з грымасамі на абліччы старажытнага горада.

Ад якой балюча ўсім беларусам.