Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Карэспандэнт “Народнай Волі” вырашыў пацікавіцца, чым жыве сёння ўчастковая бальніца на радзіме першага намесніка міністра аховы здароўя.
11:16 29 верасня 2017
21
Памер шрыфта

Мястэчка Ілля, што ў Вілейскім раёне, знаходзіцца ў 80 кіламетрах ад сталіцы. Спытайце ў любога мясцовага жыхара, дзе знайсці галоўнага ўрача ўчастковай бальніцы Юрыя Панятоўскага, і вам не толькі пакажуць дарогу, але і распавядуць пра “нашага доктара”. Пры гэтым, гарантую, не пачуеце ў яго адрас ніводнага дрэннага слова, што, пагодзімся, пры сённяшнім стаўленні некаторых людзей да айчыннай медыцыны з’ява ў пэўным сэнсе рэдкая.

Сам Юрый Лявонавіч, які не так даўно адзначыў маленькі юбілей (20 год адпрацаваў у Іллянскай участковай бальніцы) і быў лаўрэатам конкурсу “Доктар года Беларусі”, ацэньвае народную любоў дастаткова сціпла: “Як ты да людзей, так і яны да цябе”.

– Шчыра кажучы, у нашай сям’і медыкаў не было, таму ў гэтым сэнсе я стаў першапраходцам, – распавядае пра сябе Юрый ПАНЯТОЎСКІ. – Бацька выкладаў фізіку і астраномію ў сярэдняй школе, мама скончыла Іллянскі саўгас-тэхнікум, і яе накіравалі працаваць на Браслаўшчыну. А я пасля школы вырашыў падацца ў Віцебскі медыцынскі інстытут і не шкадаваў аб гэтым ні хвіліны.

– Які факультэт абралі?

– Лячэбны. Лічылася, што нас больш рыхтавалі для працы на вёсцы, бо ты станавіўся спецыялістам шырокага профілю – і тэрапеўт, і хірург, і акушэр, і ўрач па дзіцячых хваробах. Але мне падабалася, я быццам у сваю стыхію трапіў.

Заканчваў інстытут у 1987 годзе, гэта быў першы год пасля Чарнобыля. І амаль увесь наш паток, каля 300 чалавек, адразу размеркавалі ў Чарнобыльскую зону. Мяне накіравалі ў Веткаўскую цэнтральную бальніцу. А затым трэба было ехаць і яшчэ далей – на мяжу з Бранскай вобласцю. Сітуацыя з медыцынскімі кадрамі тады была жудасная. У жніўні 1987-га, калі прыехаў, бальніца была ўкамплектавана толькі на 30 працэнтаў. Шмат хто разумеў, што такое радыяцыя, а таму людзі кідалі свае кватэры і раз’язджаліся. Хаця месцы там – неверагодная прыгажосць! Рэчка, дубровы… Калі б не чарнобыльская бяда, мяркую, там бы і застаўся.

– А што вы ведалі пра аварыю на атамнай электрастанцыі?

– Калі выбухнуў Чарнобыль, я яшчэ быў студэнтам апошняга курса інстытута. Памятаю, ехаў дадому ў цягніку ў маі 1986-га, чуў, як людзі абмяркоўваюць гэтую тэму. Але ж была юнацкая наіўнасць – мне падавалася, што ўсё гэта нас не датычыцца. Маўляў, дзе мы знаходзімся, а дзе той Чарнобыль – за сотні кіламетраў. Тым больш што падавалася гэтая сітуацыя таксама вельмі прыгожа: малыя дозы радыяцыі ледзь не карысныя для здароўя.

Але праз год, натуральна, усё зразумелі. Хаця ў маладосці неяк і не задумваліся пра наступствы. Купаліся ў Сожы, загаралі, нягледзячы на знакі “Небяспечна, радыяцыя!”. Дый часу разважаць асабліва не было. У бальніцы, як ужо казаў, кадраў не хапала, даводзілася працаваць за траіх. Мы заўважылі, што стала выяўляцца больш анкалагічных захворванняў, але, шчыра кажучы, я гэта больш звязваю з тым, што тады распачалася ўсеагульная дыспансерызацыя.

– Колькі вы адпрацавалі ў такіх экстрэмальных умовах?

– Два гады. Але прайшлі яны, што называецца, на адным дыханні. Напрыканцы вучобы ў інстытуце я ажаніўся, жонка зацяжарала і засталася дома. Нарадзіўся сын, гэта дапамагло мне на год раней выехаць з “зоны”. Далей працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні Віцебскай бальніцы, быў яго загадчыкам. А затым абставіны склаліся так, што давялося ўладкавацца ў Іллянскую ўчастковую бальніцу. 14 студзеня 1997 года я выйшаў на працу ў аддзяленне тэрапіі.

– Напэўна, не параўнаць сённяшнюю бальніцу з той, што была 20 гадоў таму…

– Памятаю, калі прыехаў, убачыў нейкія занядбаныя палаты, якія патрабавалі рамонту, усё было старое. А вось жыццё на вёсцы тады было больш вірлівае. У 1987 годзе бальніца абслугоўвала 90 вёсак, зараз – 80. Дзесяць вёсачак, можна сказаць, перасталі існаваць. У тым плане, што карэнныя жыхары павыміралі ўжо і засталіся толькі дачнікі. Увогуле, насельніцтва змяншаецца. У нас у раёне статыстыка такая: кожны год каля 100 чалавек памірае і толькі 30–35 нараджаецца.

– А чым жыве сёння ўчастковая бальніца?

– У сувязі са змяншэннем сельскага насельніцтва тэрапеўтычнае аддзяленне скарацілася на 25 коек, а таму вызвалілася цэлае крыло. Калі ў краіне пачала працаваць праграма “Анкалогія”, было вырашана задзейнічаць і нашу бальніцу – стварыць тут аддзяленне паліятыўнай медыцынскай дапамогі (такое ж у Мінскай вобласці ёсць і ў Быстрыцкай участковай бальніцы Капыльскага раёна). Да нас шпіталізуюць анкалагічна хворых з 11 раёнаў Мінскай вобласці. Шэсць гадоў аддзяленне працуе, сёння ў ім 12 чалавек.

Дарэчы, некаторыя яго яшчэ хоспісам называюць, але я стараюся гэтае слова ніколі не ўжываць. Яно палохае пацыентаў. Не ўсе ж ведаюць, што ў перакладзе з французскай мовы гэтае слова азначае “дом міру”. Для некаторых хоспіс – гэта ўжо ледзь не кранты. Маўляў, далей – толькі вечнасць.

– Ёсць такі выраз “кадры вырашаюць усё”…

– Вось тут, безумоўна, праблема. Зараз у бальніцы толькі два ўрачы агульнай практыкі – я і Святлана Анатольеўна Кулік. А патрэбны як мінімум яшчэ адзін урач, бо паліклініка разлічана на 100 наведванняў за змену. Усяго ж у бальніцы разам з ФАПамі – 35 работнікаў. Нічога не зробіш – цякучасць кадраў. Прыходзяць па размеркаванні маладыя дзяўчаты, адпрацоўваюць свой тэрмін і развітваюцца, таму што іх клічуць агні вялікага горада. Тым больш што ў Мінску хапае вакансій для тых жа медсёстраў ці ўрачоў.

– Заробкі ў сталіцы большыя?

– Хутчэй большыя перспектывы. А заробкі і ў нас прыстойныя. Напрыклад, урачы ўчастковай бальніцы атрымліваюць больш, чым калегі ў раённым цэнтры, бо на вёсцы дазваляецца працаваць на дзве стаўкі. Акрамя таго, стаж улічваецца, яго бесперарыўнасць, катэгорыя. Да таго ж у нас ненарміраваны працоўны дзень, таму яшчэ 20 працэнтаў надбаўкі маем за асаблівыя ўмовы працы. Так што на заробкі я не скарджуся, каля 1000 рублёў у месяц выходзіць. І для вёскі гэта неблагія грошы. Хаця мая жонка, медсястра, атрымлівае ў два разы менш.

– Наколькі мне вядома, у Іллі нарадзіўся і вучыўся сённяшні першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч…

– Так, два разы наведваў і нашу бальніцу. Некаторыя думаюць, што мы, маўляў, ад земляка, які займае высокую пасаду, маем нейкія прэферэнцыі, але гэта меркаванне дылетантаў. Кожны займаецца сваёй справай.

Дарэчы, бацькі Дзмітрыя Піневіча – Ганна Іванаўна і Леанід Віктаравіч – жывуць у нашым мястэчку, “назіраюцца” ў нашай паліклініцы. Ганне Іванаўне неабходны пастаянны прыём медыкаментаў, таму выпісваю ёй самыя звычайныя лекі, якія яна купляе ў самай звычайнай аптэцы.

– А ці праўда, што падчас да вас на прыём запісваюцца і некаторыя “зорныя” дачнікі?

– Не так даўно ў чарзе да мяне паўгадзіны сядзеў адзін такі дачнік. Паведаміў, што цвіком прасадзіў нагу, папрасіў дапамогу. У мяне па талонах прыём, але ж як адмовіш пацыенту? Ён не прадставіўся, але бірульку падарыў на памяць, а пасля кажа: “Паслязаўтра буду сустракацца з Жарко (Васіль Жарко – віцэ-прэм’ер Беларусі, былы міністр аховы здароўя. – Аўт.), распавяду яму, якія ў Іллянскай бальніцы працуюць кваліфікаваныя і спагадлівыя ўрачы”. Дзякуй, кажу, на добрым слове. Пазней ужо даведаўся, што гэта быў рэктар аднаго сталічнага ўніверсітэта.

А ўвогуле ў нас і насамрэч “зорны” рэгіён – тут маюць дачы тэлевядучая Святлана Бароўская, у вёсцы Карытніца нейкі дацэнт пасяліўся, ля Рабуні “фазэнда” тэнісісткі Вікторыі Азаранка. А летам наша траса Мінск–Мядзел проста гудзе, калі народ едзе адпачываць на Вілейскае вадасховішча. Такія нечаканыя госці залятаюць, што дзіву даешся. Як цяжка ім робіцца – адразу да нас.

– Юрый Лявонавіч, ці складана сёння працаваць у бальніцы на вёсцы?

– Я вам шчыра скажу: калі праца падабаецца, то паўсюль добра працуецца. Я ўжо трыццаць гадоў у медыцыне, таму да ўсяго прызвычаіўся. Галоўнае для мяне – каб не пакутавалі людзі.

– А што хацелася б яшчэ зрабіць?

– На ўчастку з’явіліся тры інваліды-вазочнікі, а пандус у паліклініцы рамонтнікі чамусьці не зрабілі. Гэта не такая і вялікая праблема, але ж яна ёсць. Спадзяюся, што вырашыцца. Хацелася б, каб моладзь заставалася. Таму што пенсіянеры, якія яшчэ працуюць, старэюць, а маладыя кадры, як ужо казаў, не вельмі хочуць працаваць у вёсцы. Хаця асабіста для мяне найлепшага месца і не знойдзеш. Як кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. А калі ўсё жыццё іншым дапамагаеш, то шчаслівы ўдвая…

Тэмы:,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Министр обороны Равков прокомментировал гибель солдата в Печах

"Командиры и начальники должны отвечать за подчиненных, - заявил он. - Не должно быть смертей военнослужащих, особенно срочной службы в мирное время".