Нагадаем: на пасаду старшыні Партыі БНФ, які павінен быць абраны заўтра на з’ездзе, прэтэндуюць пяць кандыдатаў, у тым ліку намеснікі дзейнага кіраўніка Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў.

Кастусёў і Лялькоў вылучаны на пасаду старшыні партыйнымі арганізацыямі. Пра жаданне ўзяць удзел у выбарах у якасці кандыдата заявілі таксама старшыня Наваполацкай раённай арганізацыі Вольга Дамаскіна, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі Ілля Дабратвор і прадпрымальнік Алесь Талстыка.

Дзейны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на новы тэрмін вылучацца не можа, бо, згодна са статутам арганізацыі, адзін чалавек не можа ўзначальваць партыю больш як два тэрміны.

– Ілля Дабратвор у партыі абапіраецца на культурніцкую плынь. Вольга Дамаскіна і Ігар Лялькоў – больш для колькаснага складу, яны, як мне падаецца, наогул не будуць змагацца за лідарскае крэсла і могуць у апошні момант зняць свае кандыдатуры. Алесь Талстыка, думаю, таксама не будзе мець падтрымкі, бо сваімі экстравагантнымі і несур’ёзнымі піяр-акцыямі разам з Уладзімірам Падголам падчас выбараў у парламент (то ў шлемах у тэлестудыю прыходзілі, то на кані са сцягамі ЗША і Еўрасаюза ездзілі) палітычнай вагі сабе дакладна не дадаў. Застаюцца Кастусёў і Дабратвор. Мяркую, менавіта паміж імі і будзе барацьба.

– У каго, на ваш погляд, большыя шанцы на перамогу?

– Я не ведаю ўнутранай партыйнай кухні Партыі БНФ, але відавочна, што інтрыгі там прысутнічаюць. Цяперашні старшыня партыі Аляксей Янукевіч, відаць, зрабіў стаўку на Кастусёва, таму магчыма ракіроўка. Апошні становіцца партыйным кіраўніком, а Янукевіч перасаджваецца ў яго крэсла намеснікам. У выніку – па сутнасці нічога не мяняецца. На 90 працэнтаў упэўнены, што так і будзе.

– Якая розніца, хто будзе старшынёй, калі партыя сёння і так ні на што не ўплывае?

– У Беларусі выпалена палітычнае поле, і апазіцыя знаходзіцца ў гета. Але ж трэба нейкім чынам існаваць і ў такіх умовах.