Урад разлічвае прыцягнуць заходнія інвестыцыі ў банкаўскі сектар

10

“У сярэднетэрміновай перспектыве мы ацэньваем шанцы прыцягнення заходнееўрапейскага капіталу ў капітал беларускіх банкаў як высокія”, — сказаў Мацюшэўскі.

“З высокай ступенню верагоднасці замежныя інвестыцыі ў капітал беларускіх банкаў прыйдуць раней за 2020 год. Напрыклад, па “Белінвестбанку”, якім займаецца ЕБРР, — гэта наогул вельмі кароткая перспектыва. Калі прэзідэнт ЕБРР прыязджаў у Мінск (у верасні 2017 года. — БелаПАН.), мы дамовіліся, што гарызонт — максімум 12 месяцаў”, — заявіў Мацюшэўскі.

Ён адзначыў, што праца па прыцягненні замежных інвестыцый вядзецца і па іншых дзяржбанках, за выключэннем “Белаграпрамбанка”.

Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што праца па прыцягненні інвестыцый у “Беларусбанк” не спынялася, хоць раней паступала інфармацыя, што актыўнасць у гэтым кірунку была прыпыненая.

“Проста абралі іншы трэк. Калі больш дэталёва разабраліся са станам самога “Беларусбанка”, прыйшлі да высновы, што неабходна больш старанная перадпродажная падрыхтоўка банка”, — сказаў Мацюшэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пытанне прыцягнення інвестыцый у “Беларусбанк” не адносіцца да доўгатэрміновай перспектывы. “Розніца ў стратэгіі (у параўнанні з першапачатковай. — БелаПАН.) год-два”, — адзначыў чыноўнік.

Восенню 2016 года ўрад вызначыў кансорцыум з чатырох кампаній фінансавым кансультантам па падрыхтоўцы стратэгіі развіцця “Беларусбанка” і рэалізацыі мінарытарнага пакета яго акцый.

Для каардынацыі працы па рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый ва ўрадзе ў мінулым годзе была таксама створана спецыяльная рабочая група. Сярод іншага ёй неабходна было ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый, а таксама да 1 лістапада 2017 года ўнесці ва ўрад прапановы аб выбары пакупніка мінарытарнага пакета акцый “Беларусбанка”. У ліпені 2017 года “Беларусбанк” заяўляў, што працы па перадпродажнай падрыхтоўцы мінарытарнага пакета акцый банка прыпыненыя.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!