«Тут было заўважана аб выніковасці сустрэчы папы рымскага і патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Мінску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты «, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. «Калі вы з праваслаўнай царквой прыйдзеце да такога разумення, я і беларускі народ зробім усё, каб вы, вашы кіраўнікі, нашы кіраўнікі — каталіцкай і праваслаўнай цэркваў — зрабілі гэтую сустрэчу ў Мінску гістарычнай. Падумайце над гэтым», — сказаў ён, звяртаючыся да суразмоўцаў.

Папа рымскі Францыск і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустракаліся на Кубе ў лютым 2016 года. Гэта была першая такая сустрэча ў гісторыі дзвюх цэркваў. Шэраг экспертаў і СМІ называлі яе гістарычнай. За ўвесь час кантактаў паміж Рускай праваслаўнай царквой і Рымска-каталіцкім касцёлам такіх прэцэдэнтаў не было.

У маі 2016 года, сустракаючыся з папам рымскім Францыскам у Ватыкане, Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сустрэчу пантыфіка і прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла ў Беларусі.

Пасля сустрэчы з папам Лукашэнка расказаў журналістам: «Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рукі не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і пантыфік гэта таксама падкрэсліў), якія здарыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР».

Лукашэнка таксама дадаў, што сустрэча папы рымскага з патрыярхам РПЦ у Беларусі магла б спрыяць міратворчаму працэсу на ўсходзе Украіны.