Вобыск у доме выканаўчага дырэктара грамадскага аб`яднання «Экадом» Марыны Дубінай завяршыўся, канфіскаваныя камп`ютары і тэлефоны, паведаміла БелаПАН супрацоўніца «Зялёнай сеткі» эколаг Хрысціна Чарняўская.

«Супрацоўнікі сілавога ведамства ўварваліся да яе раніцай, выбілі дзверы, ад удару Марына пацярпела. Увесь гэты час ад сёмай гадзіны раніцы людзям не давалі паесці», — сказала Чарняўская.

Акрамя таго, вобыск, паводле яе слоў, праходзіў у журналісткі-фрылансара Марыны Кастылянчанкі, а таксама ў некаторых актывістаў анархісцкага руху. Канфіскаваныя камп`ютары, сродкі мабільнай сувязі, літаратура. Затрыманых няма.

Кастылянчанка ў размове з Чарняўскай пацвердзіла, што вобыскі звязаныя са справай на падставе ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб), распачатай па факце падпалу кактэйлямі Молатава білборда ў Івацэвічах 28 ліпеня.

Справу вядзе Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта. Інфармацыя аб узгаранні паступіла ў раённы аддзел па НС 28 ліпеня прыблізна ў 2.40 ад жыхароў найбліжэйшых дамоў і прахожых. На YouTube з`явіўся відэазапіс з надпісам «Івацэвічы. Акцыя анархістаў супраць міліцыі». Знятае, як два чалавекі кідаюць бутэлькі з запальнай сумессю ў рэкламны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананні».