2 кастрычніка палітыка будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, падчас якой мітынгоўцы пратэставалі супраць прысутнасці расійскай вайсковай сілы ў Беларусі.

У каментарыі для сайта “Народнай Волі” Павел Севярынец адзначыў:

– Судзілішча, якое запланавана на наступны панядзелак, – абсурднае па сваёй сутнасці, – гаворыць наш суразмоўца. – Бо судзіць у Беларусі за абарону незалежнасці Беларусі – гэта сапраўдны абсурд.

– Але ж судзіць вас будуць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Афіцыйнага дазволу на правядзенне мерапрыемства сапраўды не было…

– Фармальна ў гэтых паперах можа быць напісана што заўгодна. Дарэчы, справа заведзена па частцы 3 артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса – “Парушэнне парадку правядзення арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Трэцяя частка артыкула датычыцца тых, хто цягам каляндарнага года прыцягваўся да адказнасці па гэтым артыкуле. Самае суровае пакаранне, якое мне пагражае, – 15 сутак арышту.

Але хачу сказаць, што ўсе гэтыя справы, якія заводзяцца супраць людзей, якія насамрэч гатовы абараняць Беларусь да апошняй кроплі крыві, сведчаць толькі пра тое, што сённяшняя беларуская ўлада паказвае сваю ўседазволенасць. Маўляў, сядзіце ціха і не варта адкрыта паказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, сваю нязгоду.

– І ўсё ж чаго вы чакаеце ад судовага пасяджэння?

– Скажу коратка і проста: што будзе напісана, не выключана, яшчэ да пачатку судовага разбіральніцтва, то і прызначаць. Я да гэтага чалавек прывычны. Рыхтуюся да горшага – гатовы адседзець 15 сутак. Пры гэтым не ведаю пакуль, ці буду ў суд браць з сабой адваката. Але не ісці на судовае пасяджэнне не бачу сэнсу – не хачу, каб потым недзе па завуголлях адлоўлівалі…

Адзначым, што ўчора за ўдзел у гэтай жа несанкцынаванай акцыі судзілі Міколу Статкевіча, які і без таго знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў за ранейшыя правапарушэнні. Міколу Статкевічу дадалі яшчэ 5 сутак арышту.