SONY DSC

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла атэстацыю яшчэ 13 адвакатаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сярод тых, хто гэтым разам патрапіў у шэрагі ўмоўна атэставаных, значацца пяць абаронцаў фігурантаў рэзананснай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (так званай справы “Белага легіёна”).

У гэтых варунках праваабаронцы выключаюць магчымасць правядзення судовага разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага правасуддзя.

Нагадаем, што не так даўно была пазбаўлена ліцэнзіі Ганна Бахціна – адвакат фігуранта “справы патрыётаў” Міраслава Лазоўскага.

– Як правіла, хваля ціску на адвакатаў пачынаецца, калі ўзбуджаюцца палітычна матываваныя справы. Падчас абароны сваіх кліентаў адвакаты вымушаны звяртаць увагу на парушэнні закона, неаб’ектыўнасць следства, а часам і наогул на незаконнасць справы. А гэта, натуральна, не ўсім і не заўсёды падабаецца.

Інстытут адвакатуры ў краіне павінен быць незалежным. Толькі ў такім выпадку можна хаця б спадзявацца на аб’ектыўнасць разгляду спраў, таму што суд у любым выпадку вымушаны выслухаць пазіцыю абароны. Але ў нас сам закон аб адвакацкай дзейнасці прыняты ў такім выглядзе, што ён проста падпарадкаваў адвакатаў выканаўчай уладзе. Напрыклад, захоўваецца практыка ліцэнзавання, хаця, па вялікім рахунку, калі адвакат і дапусціў нейкую памылку, то гэта парушэнне павінна разглядацца ў межах дысцыплінарных вытворчасцяў калегіяй адвакатаў. Але ж у нас Міністэрства юстыцыі вырашае, каго памілаваць, а каго не.

– Калі адвакатаў застрашаць, хто будзе ў такім выпадку абараняць фігурантаў палітычных спраў?

– У якасці абаронцаў могуць прызначаць “паслухмяных” адвакатаў, якія свае функцыі будуць выконваць фармальна. Яны будуць ціха суправаджаць працэс, як гэта было ў савецкія часы. Быццам бы і ёсць такі дэмакратычны інстытут, як адвакатура, але разам з тым ніхто не будзе аказваць рэальную прафесійную абарону.

Мы ўжо прыйшлі да таго, што адвакаты сёння сядзяць як мышы пад венікам. Мала публічных дыскусій, іх наогул у грамадстве не чуваць. Калі ўносіліся змены ў закон аб адвакатуры, самі адвакаты нават не паварушыліся. Праваабаронцы са сваімі прапановамі звярталіся і ў Палату прадстаўнікоў, і ў іншыя арганізацыі, а адвакаты ціха назіралі за дыскусіяй збоку. І зараз маюць тое, што заслужылі, – падсумоўвае юрыст.