Беларусь на чэмпіянаце Еўропы прадставілі Наталля Берднікава, Аляксей Жарнасек, Ганна Стральцова, а таксама Аляксандра Данішэўская і Сцяпан Шпак. У цэлым нашы спартсмены заваявалі пяць залатых і адзін бронзавы медалі.

Выхаванка наваполацкай школы імя Геновых Наталля Берднікава стала тройчы чэмпіёнкай Еўропы 2017: у фігурным катанні, у скачках з трампліна і ў мнагабор’і!

— Для мяне было вельмі важна выйграць у мнагабор’і, таму што з гадамі і траўмамі ніколі не ведаеш, што будзе далей, — сказала «Народнай Волі» Наталля Берднікава. — Хацелася замацаваць за сабой званне чэмпіёнкі ў чарговы раз. Маладых спартсменаў, якія наступаюць на пяткі вельмі шмат, таму хацелася паказаць лепшы вынік.

Наталля Берднікава з’яўляецца рэкардсменкай і неаднаразовай чэмпіёнкай свету. На мінулых Сусветных гульнях у польскім Вроцлаве заваявала два залатыя медалі — у фігурным катанні і на трампліне.