«Ведаеце, пра што я падумаў, заходзячы ў гэту залу на сустрэчу з вамі? Па-першае, нарэшце высокапастаўлены чалавек, член урада вельмі развітой, прасунутай краіны вырашыў прыехаць у Беларусь. Новы добры знак, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Па-другое (можа, вам гэта не спадабаецца), я падумаў, вельмі шкада, што Вялікабрытанія ў гэты момант выходзіць з Еўрапейскага саюза. У нас быў бы надзейны добры партнёр і сябар у Еўрасаюзе, які мог бы сказаць праўду пра Беларусь».

Лукашэнка прапаноўвае Вялікабрытаніі больш актыўна інвеставаць у Беларусь.

«Давайце вызначым тры-чатыры салідныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка — база любых адносін) і рэалізуем іх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі маса свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі — два-тры сумесныя прадпрыемствы — пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны».

Лукашэнка таксама адзначае магчымасць супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі ў сферы электратранспарту. Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія «прыняла вельмі цікавае рашэнне» — з пэўнага года адмовіцца ад продажу і выкарыстання аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання.

«Я вітаю і апладзірую такому рашэнню. Па вашым прыкладзе ў гэтым кірунку і мы вырашылі рухацца. І ў гэтым плане шукаем найбольш прасунутых партнёраў у гэтай сферы», — сказу кіраўнік дзяржавы. «Давайце разам паспрабуем працаваць у Беларусі», — прапанаваў Лукашэнка.

Міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алан Дункан прыбыў у Мінск 25 верасня. Гэта першы брытанскі міністр, які наведвае Беларусь з моманту набыцця ёю незалежнасці. Візіт прымеркаваны да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Акрамя перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем у праграме візіту Алана Дункана запланаваны сустрэчы з лідарамі палітычных партый і рухаў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і выпускнікамі брытанскіх універсітэтаў.