Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Вядомы ў Кобрыне прадпрымальнік Алесь Мех распавёў “Народнай Волі” абуральную гісторыю.
16:06 26 верасня 2017
54
Памер шрыфта
Фота з сайта kontakt.by

– Усё адбылося 15 жніўня, – распавядае Мех. – Раніцай я зайшоў да свайго знаёмага Дзмітрыя Чарніцкага. Ён папрасіў адрамантаваць у яго хаце ўваходныя дзверы, а таксама разеткі, якія сталі іскрыць. Разбіраючы разетку, я ўбачыў пад шпалерамі два драты і нейкае прыстасаванне, вельмі падобнае на “праслухоўку”.

– Чаму гэтая невядомая прылада апынулася ў хаце Чарніцкага?

– Зміцер – хлопец актыўны і прагрэсіўны, ён не хавае сваіх поглядаў. Малады чалавек шануе нашу нацыянальную сімволіку – бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”. Вакол Чарніцкага ў Кобрыне гуртуецца нацыянальна свядомая моладзь. Таму я не выключаю, што кобрынскія спецслужбы, усталяваўшы праслухоўку ў яго хаце, хацелі ўзяць пад кантроль і самога Чарніцкага, і людзей, якія бываюць у яго дома.

Карацей, убачыўшы праслухоўку, я не стаў яе кранаць: ні зрываць, ні ламаць, – а проста сфатаграфаваў гэтае прыстасаванне на свой мабільны тэлефон. Тое самае зрабіў і Зміцер. Калі я адрамантаваў разеткі, мы разам з хлопцам збіраліся выйсці на вуліцу, але прама ў пад’ездзе на нас наляцелі невядомыя людзі ў масках…

– Колькі іх было?

– Я не паспеў іх палічыць, бо першы з іх накінуўся на мяне, схапіў за шыю і стаў душыць… У наступнае імгненне я ляжаў тварам на падлозе і з кайданкамі на руках. Высветлілася, што ў пад’ездзе мы сустрэліся з міліцыянерамі, якія прыйшлі да Чарніцкага з вобшукам. На гадзінніку было прыкладна 10 ранку, і нас разам са Зміцерам прывезлі ў пастарунак. Там я прасядзеў некалькі гадзін з коўдрай на твары і кайданкамі на руках. Міліцыянеры доўга не ведалі, што са мной рабіць, – нават адвезлі на экспертызу, якая засведчыла, што я не знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў ці ў стане алкагольнага ап’янення. Ніякіх падстаў для такога брутальнага затрымання людзей ў масках не было, тым не менш на мяне і на Чарніцкага былі складзены пратаколы. На мяне – за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянераў, а на Дзмітрыя – такі самы і яшчэ за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”. Пратрымалі нас там з ранку да самага вечара. Адзначу, што і ў мяне, і ў Чарніцкага забралі мабільныя тэлефоны, з якіх “неверагодным чынам” зніклі здымкі той самай праслухоўкі. Да таго ж, як я даведаўся пазней, санкцыя пракурора на вобшук кватэры Чарніцкага ўсё ж такі з’явілася. Прывезлі яе недзе па абедзе, але бацькі Зміцера не маглі трапіць у кватэру сына з самага ранку – пад’езд быў заблакіраваны супрацоўнікамі міліцыі. Я ўпэўнены, што менавіта ў гэты час і была дэманціравана праслухоўка, бо калі мы вечарам разам з Чарніцкім трапілі да яго ў хату, то ўбачылі, што хтосьці наноў паклеіў шпалеры менавіта ў тым месцы, дзе я знайшоў праслухоўку.

– Складзеныя на вас пратаколы дайшлі да суда?

– Мяне хацелі судзіць у той самы дзень – 15 жніўня, але я, адмовіўшыся пачынаць судовае разбіральніцтва без адваката, дабіўся пераносу пасяджэння на наступны дзень. У судзе я сваёй віны не прызнаў. Міліцыянеры-сведкі, якія выступілі ў судзе, заявілі, што перад затрыманнем паказалі нам свае службовыя пасведчанні, назваліся, а мы з Чарніцкім быццам бы адмовіліся ім падпарадкавацца. Карацей, усё, як заўжды, – практыка для беларускіх судоў, на жаль, не новая…

– Тым не менш суд першай інстанцыі вас апраўдаў…

– Так, суддзя Кобрынскага раённага суда Ала Богнат палічыла тлумачэнні міліцыянераў недастатковымі, я быў апраўданы, справа быццам бы была зачынена. А Зміцера Чарніцкага вінаватым, дарэчы, прызналі і далі штраф – 22 базавыя велічыні.

– Вы сказалі, што справа ў дачыненні да вас быццам закрыта. Чаму “быццам”?

– Гэта, лічыце, рэдкі выпадак, калі суддзя ў Беларусі становіцца на бок абвінавачанага, асабліва ў справах з апазіцыйнымі актывістамі, у якіх фігуруюць праваахоўнікі. Але радасць мая была нядоўгай.

21 верасня ў Брэсцкім абласным судзе была разгледжана касацыйная скарга начальніка Кобрынскага РУУС Уладзіміра Сцепанюка, які не пагадзіўся з рашэннем суда першай інстанцыі. У выніку разгляду рашэнне, якое прыняла Ала Богнат, было адменена – мяне чакае новы суд. Зразумела, што міліцыянеры абараняюць гонар мундзіра і не могуць змірыцца з тым, што мяне апраўдалі. У нас жа ў Беларусі міліцыя і спецслужбы не могуць памыляцца… Таму на новы разгляд маёй справы будзе прызначаны іншы суддзя – і вынік можа быць супрацьлеглым. Хоць я ніякага правапарушэння не здзейсніў, суровае пакарнне павінны панесці тыя, хто ўчыніў гвалт у адносінах да мяне і Дзмітрыя Чарніцкага.

Тэмы:, , , , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

22 верасня 2017

У Мінску адбыўся канцэрт Лявона Вольскага

21 верасня Лявон Вольскі выступіў у мінскім Prime Hall. Вялікіх канцэртаў рокер не граў на Радзіме з 2010 года. Праз забарону: выступы Лявона адмяняліся адзін за другім.
19 верасня 2017

Сёння Дзень Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга

Дваццаць шэсць гадоў таму, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.
15 верасня 2017

“Мяне забралі ў пастарунак за тое, што фатаграфаваў збаны…”

Вучэнні “Захад-2017” пачаліся. Відавочна, беларускія вайскоўцы атрымалі загад: праяўляць павышаную пільнасць. У гэтым на ўласным вопыце пераканаўся калекцыянер рэдкіх узораў шкляной тары з Мар’інай Го