“Сёння мы маем горшую сітуацыю, чым пры Саюзе”.

Алесь Аркуш распавёў, што сёння ў Беларусі існуе сітуацыя, “калі некалькі чалавек могуць дыктаваць свае густы, погляды, прыязнасці на ўвесь літаратурны працэс, і таму гэтым вельмі лёгка маніпуляваць”. Гэта выдаўцы, кіраўнікі ПЭНа і Саюзаў пісьменнікаў.

У той жа час раней было зразумела, хто такі “пісьменнік”, паколькі для гэтага неабходна было прайсці праз “браму” саюза пісьменнікаў. Цяпер жа цэлых два Саюзы, многіх з прадстаўнікоў якіх проста ніхто не ведае, а сама прафесія пісьменніка проста знікла: “Цяпер брама рухнула”. У той жа час з’яўляюцца новыя тэндэнцыі. Прыклад – Андрусь Горват, вакол кнігі якога “Радзіва Прудок” цяпер ідзе вялікае змаганне ў журы прэміі Гедройца.

Гісторык і паэтка Святлана Куль, якая прысутнічала на сустрэчы, заўважыла: “Слова “пісьменнік” пры сучасных інфармацыйных тэхналогіях проста састарэла”

“Радзіма літаратуры цяпер адна – мова”.

Алесь Аркуш лічыць, што менавіта мова з’яўляецца вызначальнікам таго, прадстаўніком якой літаратуры з’яўляецца пісьменнік, і ў якасці прыкладу прыводзіць Анхелу Эспіносу: “Вось дзяўчынка-іспанка, якая піша вершы па-беларуску. Якая яна паэтка? Беларуская. Яна прышвартавала свой карабель да беларускай літаратуры”. Пры гэтым у нас ёсць спадчына разнамоўная, але сёння іншая сітуацыя і таму не варта называць беларускімі пісьменнікамі тых, хто піша па-расійску.

“Зараз перакладчыкаў робіцца больш, чым саміх пісьменнікаў”

Атрыманне прыбытку выдавецтвамі – вельмі складаная справа. І толькі рэдкія пісьменнікі ў Беларусі, кшталту Віктара Марціновіча, прыносяць выдаўцам прыбытак. Таму распаўсюджанне атрымоўвае перакладная літаратура, паколькі ў кожнай краіне маюцца інстытуцыі, якія займаюцца прасоўваннем уласнай культуры ў іншыя краіны і выдаткоўваюць на гэта грашовыя сродкі. Менавіта з гэтым звязана распаўюджванне ў Беларусі перакладной літаратуры.

“Беларускія бібліятэкі амаль цалкам спісалі кнігі 1950-1960-х гадоў”

Алесь Аркуш займаецца аднаўленнем спадчыны жодзінскага празаіка Івана Сіняўскага, кнігі якога ён не знайшоў нават у жодзінскай бібліятэцы:

Калі б вы захацелі адшукаць кнігі 1950-1960-х гадоў нейкіх аўтараў, то гэта вельмі праблематычна. Я сутыкнуўся з тым, што аказваецца беларускія бібліятэкі амаль цалкам спісалі яе на макулатуру”.

“Мы маем выдатны міт Полацк, але не ведаем падставовых рэчаў”.

Свой чацвёрты раман “Сядзіба” Алесь Аркуш назваў двухузроўневым містыка-дэтэктыўным раманам, падзеі якога разгортваюцца ў Полацку, пры гэтым ён задаецца балючым пытаннем: “Як найбагацейшы горад Усходняй Еўропы ператварыўся ў райцэнтр?

Пісьменнік адзначае, што сёння створаны гістарычны міф Полацка, але пры гэтым мы нават не ведаем, дзе пахаваныя полацкія князі: “Якія саркафагі там павінны быць? Пантэон цэлы павінен быць. Ніхто не ведае, дзе гэта. Мяркуем, Усяслаў Чарадзей у Сафіскім саборы. А дзе астатнія?” Да таго ж у суседнім Ноўгарадзе (выпраўл.) маецца цэлая бібліятэка берасцяных грамат, а дзе яны ў Полацку?

Знікла бібліятэка Сафійскага сабора. Шукаюць яе сляды. Выказваюць думку, што кнігі маглі быць схаваныя недзе ў падзямеллі. Пра гэта напісаў В. Ластоўскі ў сваёй аповесці “Лабірынты”, дзе ёсць зерне сур’ёзнага: прыйдзе час, калі вы будзеце вартыя, вам усё гэта адкрыецца… Да гэтага Полацка неабходна імкнуцца

“Сонца піша слова Скарына”

“Сядзіба” – гэта месца, якое існуе насамрэч і належыць Алесю Аркушу і яго жонцы Таццяне Козік, прафесійнай габеленшчыцы. Яно знаходзіцца на месцы колішняга бернардынскага кляштару: “Менавіта ў ім, як кажуць гісторыкі, Францыск Скарына мог вывучыць лацінскую мову, перад тым як паступіць у Ягелонскі ўніверсітэт. Ды ўвогуле вучыцца ў Еўропе, таму што без ведання лаціны ніхто яго б не прыняў у той час на вучобу. І для мяне гэтая Сядзіба – такая міталагічная”. Размешчаная на беразе Дзвіны, праз яе вокны бачны Сафійскі сабор: “І калі рака добра разліваецца, то з вакна можна лавіць рыбу”.

На супрацьлеглым баку ўсталяваны помнік “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”. А на тэрыторыі сядзібы Алесь Аркуш закладае помнік, у аснову якога пакладзена ідэя: “На сядзібе, там дзе Скарына вучыў лаціну, павінен быць нейкі знак мемарыяльны. Я прыдумаў, што гэта павінна быць кавалак метала з выразаным на ім “Скарына” і такі мануменцік невялікі. І калі сонца ўстае над Дзвіною і б’е прамянямі, слова Скарына павінна быць напісана на зямлі. Сонца піша слова “Скарына” на тым месцы, дзе Скарына вучыў лацінскую мову”.

Алесь Аркуш (сапраўднае прозвішча – Козік) – беларускі паэт і выдавец. У 1993 годзе заснаваў Таварыства Вольных літаратарў і выдавецкую суполку “Полацкае ляда”. Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху “Калоссе”. Старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Аўтар раманаў “Палімпсэст” (2012), “Мясцовы час” (2014) і “Захоп Беларусі марсіянамі” (2016), “Сядзіба” (2017).