Падчас самой акцыі ніхто з яе ўдзельнікаў затрыманы не быў. Аднак за ўдзел у ёй пазней былі асуджаныя апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў правёў сямісутачны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, адкуль вызваліўся 22 верасня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў.

Суд над Статкевічам павінен прайсці 26 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Зараз палітык адбывае 15 сутак адміністратыўнага арышту за арганізацыю вулічнай акцыі ў Мінску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі.

Суд над Сіўчыкам прызначаны на 28 верасня і пройдзе ў судзе Партызанскага раёна Мінска.

«Акцыя была мірная — у абарону Беларусі. На жаль, улада сёння належыць людзям, якія хочуць прадаць Беларусь Расіі. Таму маючы адбыцца суд — гэта дробная помста прамаскоўскай агентуры беларускім патрыётам», — заявіў Сіўчык у каментары БелаПАН. Паводле яго слоў, сёння «ўсе разумеюць, што ў Беларусі няма незалежнага суда, які стаў падраздзелам рэпрэсіўнай сістэмы рэжыму».

Палітык таксама паведаміў, што 4 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбудзецца суд над грамадскай актывісткай Аленай Талстой. Паводле яго інфармацыі, пратаколы за ўдзел у акцыі 8 верасня таксама складзеныя на Яўгена Афнагеля, Алеся Макава, Паўла Севярынца, Ніну Багінскую. «Спіс, натуральна, большы. Але я лічу, што меў законнае права выступаць 8 верасня. Гэта мой абавязак, бо ўлады давялі сітуацыю да таго, што мы залежым ад дзеянняў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна», — заявіў Сіўчык.