Распрацоўшчыкі праекта Е40 мяркуюць, што запланаваны водны шлях стане гандлёвай трасай паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў, прыцягне інвестыцыі ў рэгіён і створыць працоўныя месцы. Але эколагі настойваюць на тым, што Е40 нанясе непапраўную шкоду унікальным экасістэмам у поймах Прыпяці.

Аўтары петыцыі – буйнейшыя экалагічныя арганізацыі Беларусі, Украіны і Польшчы: “Багна”, “Зялёная сетка”, “Экадом”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Сусветны фонд дзікай прыроды (прадстаўніцтва ва Украіне і Польшчы), Украінскае таварыства аховы птушак і іншыя.

«Праект прадугледжвае сур’ёзнае змяненне гідралагічнага рэжыму рэк, якія фармуюць гэты водны шлях: Віслы, Мухаўца, Піны, Прыпяці, Дняпра, а таксама Днепра-Бугскага канала. На нашых рэках могуць з’явіцца новыя плаціны, дамбы, іх рэчышчы могуць быць выпрамлены, а берагі замацаваны ў бетон», — сцвярджаюць аўтары петыцыі. “Такое ўмяшанне чалавека пагражае назаўжды змяніць гэтыя рэкі і разбурыць экасістэмы.”

“Мы, экалагічная кааліцыя, лічым, што праект дрэнна прадуманы, эканамічна немэтазгодны, і што будаўніцтва Е40 стане катастрофай як для унікальнага рэгіёну беларускага Палесся, як і для шэрагу каштоўных прыродных тэрыторый Польшчы і Украіны.”

Аўтары мяркуюць, што праектная ацэнка ўздзеяння на асяроддзе не ўлічвае шмат істотных пагрозаў. Найперш тое, что частка маршрута ляжыць праз “Прыпяцкі радыяцыйны заказнік”, і са дна можа быць падняты радыёактыўны глей, які пойдзе далей у асяродзе і пітную ваду. Таксама, водны шлях ляжыць праз Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, дзе пражывае каля 70 відаў звяроў, птушак і рыб, што занесены ў Чырвоную кнігу; апроч таго, у пойме Прыпяці штовесну спыняецца каля паўмільёна пералётных птушак. Будаўніцтва канала, дамбаў і шлюзаў пагражае тым, што многія рэдкія віды жывёл і птушак, такіх як вяртлявая чаротаўка або вялікі падорлік (у Беларусі гняздуецца прыблізна каля паловы сусветнай папуляцыі гэтых птушак), апынуцца пад пагрозай знікнення.

Прыпяць — адзіная рака Беларусі, якая захавалася амаль цалкам у нязмененым выглядзе, і адзіная рака ў Еўропе, што цячэ ў шыротным кірунку. Прыпяць стварае ўнікальную экасістэму на беларускім Палессі, таму любое ўмяшанне можа пацягнуць знікненне незвычайных прыродных куткоў.