На адкрыцці Кангрэса Міжнароднага ПЭН-Клуба выступае мэр Львова Андрэй Садавы. На заднім плане лозунг Кангрэса: “Адстойваць праўду ў часы прапаганды”. Фота аўтара

Як паведамілі дзяржаўныя СМІ, Зюганаў быў асабліва ўсцешаны тым, што ў Беларусі актыўна транслююцца ўсе галоўныя маскоўскія прапагандысцкія тэлеканалы. Напэўна, госць-камуніст і сапраўды перажывае шчаслівыя моманты свайго жыцця, бо ў якой іншай краіне сёння так грунтоўна адноўленыя традыцыі выкульвання на галовы масавага тэлегледача ўсіх “дасягненняў” брэжнеўскай прапаганды, адбельвання злачыннай дзейнасці крамлёўскіх камуністычных правадыроў, уключна са Сталіным? Вядомы тэзіс Ёзэфа Гебельса пра тое, што “сто разоў паўтораная хлусня робіцца праўдай”, узяты на ўзбраенне прадзюсарамі некалі салідных тэлекампаній кшталту “НТВ” ці “ОРТ”.

Нехта скажа, што я ў сваіх ацэнках і вызначэннях выкарыстоўваю занадта эмацыйныя характарыстыкі, а “іншыя мяркуюць (крыху) іначай”. Ды не! Небяспеку хлусні з боку сённяшняга маскоўскага кіраўніцтва, дзеля распаўсюджвання якой задзейнічаныя велізарныя матэрыяльныя рэсурсы і тэхнічныя сродкі, добра ўсведамляюць ва ўсім свеце.

Красамоўнае пацвярджэнне гэтага – сама ключавая тэма 83-га Кангрэса Міжнароднага ПЭН-Клуба, які толькі што закончыў сваю тыднёвую працу ва ўкраінскім Львове і ў якім прынялі ўдзел некалькі соцень пісьменнікаў, журналістаў, інтэлектуалаў з больш як 80 краін свету, у тым ліку і з самой Расіі. Тэма так і была сфармуляваная арганізатарамі форуму – “Адстойваць праўду ў часы прапаганды”. Падчас цырымоніі адкрыцця Кангрэса ўдзельнікаў павітаў, сярод іншых, малады і энергічны мэр Львова спадар Андрэй Садавы. Ён адмовіўся ад дзяжурных слоў чыноўніка і сказаў прысутным у зале творцам наступныя словы:

“Мы вельмі часта лічым сябе нейкімі асаблівымі, думаем, што мы ўнікальныя асобы. Сапраўды, усе мы змагаемся з рабствам, з няпраўдай, але вы маеце вялікую магчымасць рабіць людзей лепшымі. У вас ёсць талент даносіць людзям праўду, і гэты талент напраўду ўнікальны”.

“Адстойваць праўду ў часы прапаганды”
На адкрыцці Кангрэса Міжнароднага ПЭН-Клуба выступае мэр Львова Андрэй Садавы. На заднім плане лозунг Кангрэса: “Адстойваць праўду ў часы прапаганды”. Фота аўтара

У сваёй змястоўнай і шчырай прамове прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-Клуба, вядомая мексіканская пісьменніца, актыўная ўдзельніца руху ў абарону правоў жанчын спадарыня Джэніфер Клемент падкрэсліла:

“Для ПЭН-Клуба – адной з найстарэйшых праваабарончых арганізацый свету – вельмі важна ў такі час быць ва Украіне і бараніць праўду, свабоду слова і літаратуру… Урад Расіі і ягоная прапаганда, пашырэнне непраўдзівай інфармацыі вядзе не толькі да маніпуляцыі думкамі ў цэлым свеце, а фактычна ўжо спрычынілася да падзелу ўкраінскай нацыі. Праблема заключаецца ў тым, што нават, калі нехта ўрэшце спасцігае праўду, то сэрцы шмат якіх людзей застаюцца атручанымі”.

Кіраўнік украінскага ПЭН-Цэнтра Мікола Рабчук (які, дарэчы, нядаўна меў свае публічныя выступы ў Мінску) заўважыў, што дзеянне прапаганды з боку ўсходняга суседа можа быць ацэнена ў канкрэтных жахлівых лічбах: з канца 2013 года, калі ва Украіне пачалася “рэвалюцыя Годнасці”, на Данбасе, у Крыме больш за 10 тысяч чалавек загінула, дзясяткі тысяч былі скалечаныя або параненыя, а сотні людзей знаходзяцца ў расійскіх турмах паводле несправядлівых прысудаў. На сцэне галоўнай залы Львоўскага ўніверсітэта імя Івана Франко, дзе праходзіла згаданая цырымонія, было пастаўлена “пустое крэсла”, што сімвалізавала адсутных на Кангрэсе тысяч пісьменнікаў, публіцыстаў, журналістаў, майстроў мастацтваў, якія знаходзяцца ў зняволенні або лёс якіх наогул невядомы (не лішне было прыгадаць, што акурат у тыя дні ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра, паэт Уладзімір Някляеў таксама быў за кратамі ў Мінску). Асабліва красамоўны прыклад – лёс вядомага ўкраінскага драматурга і кінарэжысёра Алега Сянцова. З’яўляючыся жыхаром анексаванага Расіяй Крыму, Сянцоў не маўчаў, працягваў здымаць свае фільмы і публічна выказваць пратэст, у выніку чаго на закрытым працэсе атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў “падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў” супраць цяперашняй расійска-крымскай улады.

У сваю чаргу, на адным з пленарных пасяджэнняў кангрэса, прэзідэнт Ліванскага ПЭН-Цэнтра, пісьменніца Іман Хумайдан звярнула ўвагу дэлегатаў на лёсы дзвюх жанчын з Сірыі. Пісьменніца, адвакат і праваабаронца Разан Зайтунех яшчэ ў снежні 2013 года была выкрадзена невядомымі людзьмі ў цывільным са свайго праваабарончага офіса ў цэнтры Дамаска, і па сёння пра яе далейшы лёс нічога невядома. А 19-гадовую паэтэсу і блогера Таль Аль-Малухі сірыйскія ўлады арыштавалі ў канцы 2009 года, пратрымалі ў поўнай ізаляцыі на працягу васьмі месяцаў, а ў сярэдзіне 2010 года асудзілі на пяць гадоў турмы па надуманым абвінавачванні ў “шпіянажы”. Пасля гэтага прайшло ўжо сем гадоў, але Таль Аль-Малухі так і не выпушчана на свабоду.

Пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі страцілі свабоду і зняволеныя ў турмах каля васьмі тысяч жанчын, сярод якіх вялікую частку складаюць настаўніцы, журналісткі, прадстаўніцы розных творчых прафесій. Зразумела, што колькасць арыштаваных (паводле сумнеўных доказаў) мужчын яшчэ ў разы большая…

Прадстаўнікі Беларускага ПЭН-Цэнтра гэтым разам засяродзілі сваю асаблівую ўвагу на адстойванні лінгвістычных правоў беларусаў. У прыватнасці, у дыскусіі на адпаведнай секцыі Марыя Мартысевіч унесла канкрэтныя прапановы па тым, якім чынам Міжнародны ПЭН-Клуб мог бы выкарыстаць свой уплыў у справе паляпшэння канкурэнтаздольнасці выдаўцоў, якія працуюць з мовамі, што знаходзяцца ў складаным становішчы. Натуральна, што беларускія ўдзельнікі Кангрэса аднадушна падтрымалі ўсе рэзалюцыі ў абарону свабоды слова і ў падтрымку зняволеных творцаў. Падчас аднаго з вечаровых мерапрыемстваў сусветнага форуму адбылася англамоўная прэзентацыя творчасці маладых паэтак, Таццяны Нядбай, вышэйзгаданай Марыі Мартысевіч, а таксама кіраўнікоў Беларускага ПЭН-Цэнтра – Андрэя Хадановіча і Саюза беларускіх пісьменнікаў – Барыса Пятровіча. На сустрэчу, якую вяла вядомая ўкраінская паэтэса і перакладчыца Галіна Крук, завіталі госці не толькі з Украіны, але і з Францыі, Эстоніі, ЗША і нават з В’етнама. Пытанні гасцей датычыліся найперш пытанні беларускага кнігавыдання, праблемы функцыянавання беларускай мовы ў жывым беларускім асяроддзі.

“Адстойваць праўду ў часы прапаганды”
Прэзентацыя творчасці беларускіх удзельнікаў Кангрэса, 20 верасня, зала палаца Патоцкіх. Вядучая (з мікрафонам у руцэ) – украінская пісьменніца Галіна Крук.

Я шчыра зайздросціў украінскім сябрам і калегам. Ходзячы ў вольны ад мерапрыемстваў Кангрэса час па ўтульных вуліцах і плошчах старога Львова, заўважыў, што абсалютная большасць людзей нязмушана і натуральна карыстаецца ўкраінскаю мовай, што людзі могуць вольна гаварыць як па-руску (што праўда, такіх выпадкаў было не так і шмат), так і на іншых мовах.

Гэта, напэўна, і ёсць найлепшы сродак супрацьстаяць расійскай і любой іншай прапагандзе.

Зрэшты, падчас адной з адкрытых дыскусій у той самай універсітэцкай актавай зале слова было дадзена высокаму чыноўніку з украінскага міністэрства інфармацыі спадару Арцёму Бідэнку. Ён падрабязна расказаў (па-ўкраінску і па-англійску), якія захады робяцца з боку яго ведамства ў тым, каб нейтралізаваць адмоўны ўплыў расійскіх СМІ, найперш электронных, на ўкраінскае насельніцтва. На 90% гэтыя захады не належаць да абмежавальных. Міністэрства (якое належыць да часова створаных структур украінскага ўраду) імкнецца найперш спрыяць тым незалежным стваральнікам СМІ – прадзюсарам, рэдактарам, журналістам, – якія ствараюць пазітыўны кантэнт датычна сённяшняй Украіны. Дарэчы, першапачаткова планавалася, што адной з удзельніц дыскусій на Кангрэсе будзе наша нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, яе вельмі чакалі арганізатары, але з прычыны хваробы яна ў Львоў так і не здолела прыехаць.