А цяпер вось раптам не адмяніўся. Спачатку разам з нязменнымі калегамі Мышкевічам, Аракелянам, Мамонавым і Трыпуцем ды пры падтрымцы струннага квартэта Akvarel музыка граў альбом «Белая яблыня грому». Праграма, як кажа Лявон Артуравіч, за гэтыя гады была «надзейна забытая», але пальцы ўсё ўспомнілі. Узбагацілі гучанне «Яблыні» струнныя.

У Мінску адбыўся канцэрт Лявона Вольскага

У Мінску адбыўся канцэрт Лявона Вольскага

Праз «Белую яблыню грому» Лявон зладзіў для публікі гайд па беларускай літаратурнай класіцы, цытуючы Караткевіча і Сыса, спяваючы песні на вершы беларускіх літаратурных мастадонтаў — Багдановіча, Купалы, Танка, Барадуліна. На дапамогу прыйшлі Аляксандр Памідораў, з якім Лявон выканаў песню рэп «Немец», і Ігар Варашкевіч — у яго выкананні бадзёра прагучала знакамітая бондаўская «На станцыі Койданава», якая некалькі разнастаіла ўзрыўной энергіяй раздумлівую частку канцэрта. Увогуле падавалася, што недзе за дзвярыма чакаюць сваёй чаргі на выхад Вайцюшкевіч, Кулінковіч і які Міхалок, і што адбываецца вяртанне герояў дадому. Вольскі ўвесь час казаў: «Публіка, якая дома — найлепшая». Падавалася, што з Вільняй «скончана», і што Вольскі застанецца з намі ў Мінску назаўжды.

У другой частцы канцэрта Лявон з кампаніяй намяшалі старых добрых «энэрэмаўскіх» хітоў з трэкамі з «Грамадазнаўства» і «Псіхасаматыкі». Драйвовыя і танцавальныя трэкі перамяжоўваліся фірмовай лірыкай Вольскага. Танцавалі ўсе!

У Мінску адбыўся канцэрт Лявона Вольскага
Ахова канцэртнай залы «палявала» на бел-чырвона-белы сцяг, асабліва не даючы яго разгортваць