Глыбоцкі малочны камбінат стаў філіялам завода камбікормаў

26

Адкрытае акцыянернае таварыства «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў, як у Беларусі, так і за межамі. На днях стала вядома, што цалкам паспяховае прадпрыемства стала філіялам Глыбоцкага камбікормавага завода.

У горадзе кажуць, што на гэтым прадпрыемстве заробкі ў супрацоўнікаў істотна ніжэй, чым на малочным камбінаце.

Акрамя гэтага, камбікормавы завод у Глыбокім уваходзіць у спіс акцыянерных таварыстваў, якія падлягаюць рэарганізацыі ў 2016-2017 гадах.

Па каментары «Народная Воля» звярнулася да генеральнага дырэктара ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» Валерыя Дулінскага, але ў прыёмнай паведамілі, што ён размаўляе па тэлефоне, а потым з’ехаў у банк.

Іншыя супрацоўнікі пра далучэнне прадпрыемства гавораць неахвотна.

— Далучэнне адбылося на падставе рашэння аблвыканкама, — сказаў «Народнай Волі» вядучы спецыяліст па ідэалагічнай працы Віктар Капылоў.

— На заробках супрацоўнікаў малочнага камбіната такое далучэнне адаб’ецца?

— Вядома… Але па тэлефоне ніякую інфармацыю даваць не магу.

— Кажуць, што камбікормавы завод не такі паспяховы як ваша прадпрыемства…

— Мы не вырашаем. Ёсць абласное кіраўніцтва…

— Вам зрабілі прапанову, ад якой вы не змаглі адмовіцца?

— Можна сказаць і так…

Поделиться ссылкой: