Нагадаем, на “крэсла” старшыні Партыі БНФ, які павінен быць абраны на з’ездзе 30 верасня, прэтэндуюць ужо пяць кандыдатаў. Сярод іх — прадпрымальнік Алесь Талстыка.

– Чаму я вырашыў балатавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ? Гэтая ідэя ўзнікла не сёння. Я адсочваў, хто будзе яшчэ вылучаць сваю кандыдатуру, і прыйшоў да высновы, што мая не горшая.

– З якой праграмай і ідэямі збіраецеся на гэтыя выбары?

– Практычна з тымі ж самымі, з якімі браў удзел разам з Уладзімірам Падголам у апошняй парламенцкай кампаніі. Галоўнае для мяне – незалежнасць краіны. З гэтым і павінны найперш працаваць усе кандыдаты. Таксама, на мой погляд, Беларусь павінна выйсці з усіх ваенных саюзаў, у нашай Канстытуцыі запісана, што мы павінны прытрымлівацца нейтралітэта. Акрамя таго, неабходна выйсці з усіх эканамічных саюзаў, ад гэтага з’яўляецца дадатковая залежнасць. І, безумоўна, неабходна узмацніць мяжу з Расіяй, бо шмат наркотыкаў ідзе ў нашу краіну менавіта адтуль. Вось гэта і ёсць асноўныя пункты маёй праграмы, з якімі, як мяркую, партыя павінна ісці далей.

– Няўжо сённяшняе кіраўніцтва Партыі БНФ выступае супраць незалежнасці краіны?

– Калі б яны выступалі “за”, то рэгулярна праводзілі б тэматычныя пікеты, як гэта рабілі мы з Падголам. Больш за тое – кіраўніцтва партыі нават асудзіла нашую кампанію. Янукевіч быў супраць і таго, каб падчас парламенцкай кампаніі мы выкарыстоўвалі амерыканскі сцяг альбо сцяг Еўрасаюза. Гэта ж нейкі абсурд!

– Многія кажуць, што Партыя БНФ згубіла былую моц і зараз з’яўляецца фармальнай палітычнай структурай, якая час ад часу нешта заяўляе, але не больш за тое…

– З нечым можна пагадзіцца, але не з усім. Так, партыя ўжо не тая, што ў 1990-я. Раней гэта была ідэя, якая многіх брала за жывое. Але ж арганізацыя існуе і сёння. Праўда, трэба, каб яна была не толькі на паперы, але і ў сэрцах людзей. Таму, як мне падаецца, у партыі, як і ў эканоміцы, ёсць часы ўздыму і моманты стагнацыі. На кані ўвесь час не будзеш. Хаця партыю трэба ўзмацняць.

– Як ацэньваеце свае шанцы на перамогу?

– Добрыя шанцы! Мяркую, Вольга Дамаскіна здыме сваю кандыдатуру, пра гэта актыўна ходзяць чуткі. Ілля Дабратвор, напэўна, таксама падтрымае больш моцнага кандыдата… Лічу, што маім галоўным сапернікам будзе Рыгор Кастусёў.

– Калі пераможаце, спыніце сваю прадпрымальніцкую дзейнасць?

– Буду сумяшчаць прадпрымальніцтва з працай у партыі. Вы ж, напэўна, ведаеце, як новага прэзідэнта ЗША Трампа падтрымліваў бізнес… У Партыі БНФ таксама павінны быць свае бізнесмены, каб арганізацыя не шукала грошы для аплаты арэнды офіса.